Польскі суд адмяніў дату перадачы дзіцяці з міжнароднай абаронай бацьку, які хацеў забраць яго ў Беларусь

Галоўнае
Фото: Геннадий Веретинский

Польскі суд адмяніў дату перадачы дзіцяці яго біялагічнаму бацьку, які меў намер забраць хлопчыка ў Беларусь. Пра гэта паведаміла апякунка дзіцяці Ганна Канавалава разам з ініцыятывай Partyzanka. Перадача была прызначана на 27 чэрвеня, аднак суд паспеў разгледзець апеляцыю, пададзеную Канавалавай.

«Цяжка апісаць словамі, колькі сіл, перажыванняў і трывогі было ўкладзена ў гэтую барацьбу, апошнія тыдні сталі сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх. Мы шчыра дзякуем кожнаму, хто падтрымаў нас. Дзякуй праваабаронцам, юрыстам, журналістам, грамадскім арганізацыям, сябрам, знаёмым і зусім незнаёмым людзям, якія пісалі, тэлефанавалі, распаўсюджвалі інфармацыю і дапамагалі ўсімі магчымымі спосабамі», — напісала яна ў Facebook.

Яна падзякавала Amnesty International Polska, Хельсінкскаму фонду па правах чалавека, Упаўнаважанаму па правах дзяцей, юрыстцы Ганне Маціеўскай, палітыкам Паўлу Латушку, Святлане Ціханоўскай, журналістцы Ірыне Халіп і іншым людзям, чые імёны не агучваюцца з меркаванняў бяспекі.

“Наперадзе яшчэ будзе барацьба, але наш малы застаецца дома, побач з людзьмі, якіх лічыць сваёй сям’ёй. Разам мы змаглі дамагчыся таго, што яшчэ некалькі дзён таму здавалася амаль немагчымым”, — дадала Ганна.

Ганна Канавалава эмігравала з Беларусі ў Польшчу разам з двума ўнукамі, чые бацькі адбывалі працяглыя тэрміны зняволення па палітычных артыкулах. Як пісаў The Warsaw, пазней пад яе апекай апынуліся яшчэ двое дзяцей — сямігадовы Алесь і яго старэйшы брат Яўген. Яны трапілі да Канавалавай пасля таго, як органы апекі пацвердзілі інфармацыю пра залежнасці іх маці-апазіцыянеркі, якая прыехала ў Польшчу з Беларусі ў 2021 годзе.

У 2023 годзе біялагічны бацька Алеся, які жыве ў Мінску і ў мінулым быў асуджаны на дзевяць гадоў калоніі за гандаль наркотыкамі, сам выйшаў на сувязь з Канавалавай. Яна падтрымала кантакт бацькі з дзіцем і дапамагла яму аформіць польскую візу. Аднак мужчына падаў у суд з патрабаваннем перадаць яму апеку. Суд стаў на яго бок. Пра намер забраць Алеся ў Беларусь ён падчас разгляду не казаў. Калі гэты план стаў вядомы, Канавалава абскардзіла рашэнне. Адзначалася, што дзіця мае ў Польшчы міжнародную абарону.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.