Польшча хоча накласці на кампанію Meta, якая кантралюе Facebook, Instagram і Threads, буйны штраф. Пра гэта заявіў міністр лічбавізацыі, віцэ-прэм’ер Кшыштаф Гаўкоўскі.
“Пасля аналізу матэрыялаў, у тым ліку атрыманых ад Meta, а таксама наступных паведамленняў у СМІ аб адсутнасці кантролю за публікаваным кантэнтам, я накіраваў афіцыйны зварот у Еўрапейскую камісію з патрабаваннем аштрафаваць платформу на 250 мільёнаў еўра.
Бяздзейнасць і неэфектыўнасць у барацьбе з рэкламай і кантэнтам, які ўводзіць у зман і шкодзіць палякам, недапушчальныя.
Я чакаю, што Еўрапейская камісія аператыўна правядзе расследаванне і накладзе штраф. Доказаў больш чым дастаткова”, – заявіў ён.
Паводле слоў міністра, праблема ўжо старанна задакументавана польскімі службамі. Так, CERt Polska выявіла 122 махлярскія аб’явы і накіравала адпаведныя запыты ў Meta, аднак толькі ў 10 выпадках рэклама была выдалена. У больш чым 80% выпадкаў амерыканская кампанія адмовілася выдаляць рэкламныя аб’явы. Гаворка ідзе ў тым ліку пра махлярскія аб’явы з выкарыстаннем выявы гендырэктара польскай кампаніі Inpost Рафала Бжоскі. На запыт аб выдаленні такой рэкламы быў атрыманы адмоўны адказ.
