Амерыканскае Міністэрства вайны рыхтуе план рэарганізацыі камандавання Узброеных сіл. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Паводле інфармацыі выдання, Цэнтральнае, Еўрапейскае і Афрыканскае камандаванні будуць аб’яднаныя ў новую структуру пад назвай Міжнароднае камандаванне (US International Command).
У сваю чаргу Паўднёвае і Паўночнае камандаванні, якія адказваюць за аперацыі ў Заходнім паўшар’і, плануецца аб’яднаць у Амерыканскае камандаванне.
Таксама падчас дыскусіі абмяркоўвалася стварэнне Арктычнага камандавання, але ад гэтых планаў адмовіліся.
Захаваюцца ў сённяшнім выглядзе Інда-Ціхаакіянскае камандаванне ЗША, Кіберкамандаванне ЗША, Камандаванне спецыяльных аперацый ЗША, Касмічнае камандаванне ЗША, Стратэгічнае камандаванне ЗША і Транспартнае камандаванне ЗША.
Рэформа дазволіць скараціць колькасць камандаванняў да васьмі, што таксама адаб’ецца на колькасці вышэйшых генералаў і адміралаў.