Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян дапускае выхад краіны з АДКБ. Пра гэта ён заявіў падчас перадвыбарчых дэбатаў, адказваючы на пытанні Нарэка Карапецяна, лідара блока «Моцная Арменія».
«Мы вырашым, замежныя агенты не будуць вырашаць, што рабіць. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам», — адзначыў Пашынян, перадае News.am.
«Што значыць: замарозілі членства ў АДКБ? Не працуе — выходзьце», — адрэагаваў Карапецян.
«Ну і выйдзем з АДКБ. Вы што, нас палохаеце? Ні вы, ні ваш дзядзька не вырашаеце. Вырашым і выйдзем. А гарантам з’яўляюцца Арменія, дзяржава, армія», — адказаў Пашынян.
Арменія ў апошнія гады замарозіла ўдзел у АДКБ. У Ерэване засталіся незадаволеныя рэакцыяй саюзнікаў на канфлікт з Азербайджанам. Акрамя таго, рэагуючы на некаторыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, Пашынян абвінавачваў яго ў падтрымцы Азербайджана перад вайной у Карабаху ў 2020 годзе.