Памёр былы купалавец і заўгад Тэатра лялек Міхаіл Маеў

Культура
Фота: сацсеткі сталічнага Тэатра лялек.

Не стала Міхаіла Маева, загадчыка мастацка-пастановачнай часткі сталічнага Тэатра лялек, былога тэхнічнага кіраўніка сцэны ў Купалаўскім тэатры, адметнай фігуры беларускага тэатра.

«Мы страцілі чалавека, без якога не выходзіў ніводзін спектакль. Кожная пастаноўка, якая ідзе сёння і будзе ісці заўтра, захавае памяць і ўдзячнасць Міхаілу за плён і адданасць», — паведаміў сёння пра страту калектыў Тэатра лялек.

У мінскім Лялечным Міхаіл Маеў працаваў з 2022 года. Да гэтай пары ён служыў у Купалаўскім, дзе быў важнай постаццю ў свой час, прайшоўшы ўсе ступені закуліснага жыцця. У старых праграмках яго імя значылася ў радку «Спектакль вядуць…» — ён працаваў памочнікам рэжысёра, пасля быў загадчыкам трупы, а з часам узначаліў мастацка-пастановачную частку. Менавіта ён як заўгад поўнасцю забяспечваў тэхнічны бок і запуск сцэны Купалаўскага пасля яго маштабнай рэканструкцыі ў 2013 годзе.

У жніўні 2020 года Міхаіл адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, падпісаўшы сумесны зварот вядомых артыстаў і дактароў да ўладаў супраць гвалту.

Застаючыся на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара па мастацка-пастановачнай частцы ў разгромленым тэатры, у лістападзе 2020-га ён іранічна пракаментаваў спробы ўлад правесці кастынгі для набору новай трупы: «Ды не будзе тэатра! Прынамсі ў гэтым сезоне. Да той пары, пакуль не зменіцца сітуацыя».

У 2022 годзе Міхаіл Маеў перайшоў у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, дзе працаваў да апошніх дзён.

Як паведамілі Reform.news крыніцы з тэатральны колаў, Міхаіл Маеў два тыдні таму перанес другі інфаркт.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.