Праваабарончы цэнтр «Вясна» даведаўся апошнія навіны пра палітвязня Вячаслава Арэшку, прафсаюзнага актывіста, якога прысудзілі да 8 гадоў калоніі па справе беларускіх незалежных прафсаюзаў. 71-гадовы Арэшка практычна аслеп, але інваліднасць яму не афармляюць.
Як расказаў былы палітвязень, які адбываў пакаранне разам з Арэшкам, той перамяшчаецца па лакальным сектары і атрадзе самастойна — навобмацак. У іншых выпадках яму патрэбна дапамога, таму яго суправаджаюць іншыя зняволеныя.
«Атрад ён вывучыў выдатна: дзе, што і як! Калі ідзе па лакалцы, звычайна яму хлопцы падказваюць, куды павярнуць, дзе прыступкі, дзе бардзюр або плот. Ходзіць самастойна і днём, і ноччу.
Але з-за таго, што ён нічога не бачыць, яму вельмі цяжка хадзіць у сталовую або ў медчастку, заўсёды з ім ідзе чалавек, які яго суправаджае! Гэты чалавек, у асноўным, не адзін і той жа, а розныя», — расказаў экс-палітвязень.
Паводле яго слоў, часам адміністрацыя калоніі забараняе іншым зняволеным дапамагаць Арэшку, а час ад часу выпісвае пенсіянеру рапарты, але за што — невядома.
У пачатку лета стан Арэшкі быў у цэлым нядрэнным з улікам асаблівасцяў утрымання, расказаў суразмоўца.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Арэшку дазволены тэлефонныя званкі, але ні разу не было спатканняў са сваякамі.
Былога кіраўніка Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП Генадзя Фядыніча, лідара Аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП Васіля Бераснева і актывіста Вячаслава Арэшку судзілі ў 2022 годзе.
Фядыніч і Бераснеў атрымалі па 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Арэшка – 8 гадоў. Прафсаюзныя лідары былі затрыманыя ў красавіку 2022 года. Іх абвінавачвалі ў закліку да прымянення абмежавальных мер, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь паводле ч. 3 арт. 361 КК, распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 3 арт. 130 КК, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).
