Літоўскія мытнікі паведамілі пра перахоп яшчэ адной партыі падпольных цыгарэт з Латвіі.
У раёне населенага пункта Бабтай быў спынены аўтацягнік DAF з латвійскімі нумарамі. Кіроўца спыніўся на аўтобусным прыпынку. Гэта выклікала падазрэнні ў мытнага патруля. Мытнікі прытармазілі побач з машынай і праверылі груз.
“Грамадзянін Латвіі першапачаткова сцвярджаў, што перавозіць пенапласт для літоўскай кампаніі, але заяўленым таварам была загружана толькі задняя частка паўпрычэпа. Амаль увесь астатні паўпрычэп быў запоўнены каробкамі з цыгарэтамі Winston і Minsk Superslims. Прадстаўнікі мытні падазраюць, што гэтыя цыгарэты былі выраблены на падпольным заводзе, які працуе ў Латвіі ўжо некалькі гадоў”, – гаворыцца ў паведамленні.
Усяго ў машыне было выяўлена 412 тыс. пачак цыгарэт на суму 2,1 млн еўра.
Кіроўца грузавіка затрыманы. Пачата следства. Суд пастанавіў змясціць яго пад арышт на два месяцы.
Тыдзень таму мытня ўжо паведамляла пра затрыманне аналагічнай партыі. Яе кошт быў ацэнены ў 2,4 млн еўра. Частка цыгарэт таксама з’яўлялася падробкамі беларускіх марак.
