Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла змены ў законы па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Як паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў, КДК атрымлівае функцыі кантролю ў дачыненні да “Банка развіцця”. Таксама ён зможа кантраляваць выкананне патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і ЕАЭС.
На гэтым новыя паўнамоцтвы камітэта не вычэрпваюцца. Цяпер ён таксама зможа:
- пры выкананні даручэнняў Лукашэнкі або ажыццяўленні кантролю за выкананнем такіх даручэнняў даваць ацэнку працы кіраўнікоў і іншых работнікаў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый;
- выносіць прадпісанні аб прыпыненні дзейнасці юрыдычных асоб і ІП (іх аб’ектаў) пры выяўленні фактаў парушэнняў заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні ў сферы гандлю і грамадскага харчавання, а ў рамках выканання даручэнняў Лукашэнкі — і іншага заканадаўства;
- накладаць забарону на здзяйсненне дзеянняў па дзяржаўнай рэгістрацыі;
- прыцягваць да ўдзелу ў маніторынгах прадстаўнікоў кантралюючых (наглядных) органаў, іншых дзяржаўных органаў, у тым ліку праваахоўных, і іншых арганізацый;
- прыпыняць аперацыі па электронных кашальках.
Міжраённыя камітэты дзяржаўнага кантролю змогуць уносіць дзяржаўным органам, іншым арганізацыям прапановы аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці іх работнікаў у выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства, а таксама прымяненні мер прымусу за парушэнні бюджэтнага заканадаўства.
У законе замацоўваецца абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне грамадзянскіх служачых органаў фінансавых расследаванняў КДК, якія ажыццяўляюць кантрольную дзейнасць.
Органы фінансавых расследаванняў КДК будуць адносіцца да суб’ектаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам. Іх паўнамоцтвы таксама пашыраюцца.