Падляшша – унікальны памежны рэгіён Польшчы, дзе сустракаюцца заходняя і ўсходняя хрысціянскія традыцыі, а беларуская мова і культура з’яўляюцца арганічнай часткай мясцовага ландшафту. Але ў выніку складанага гістарычнага кантэксту для некаторых пакаленняў уласная нацыянальная ідэнтычнасць стала адкрыццём, якое сфарміравала іх далейшы шлях.
У новым праекце мы распавядаем гісторыі знакавых беларусаў Падляшша і Беласточчыны, для якіх нацыянальная ідэнтычнасць стала вынікам свядомага выбару.
Наш першы герой – Дарафей Фіёнік – краязнаўца, гісторык, музеёлаг, аўтар, рэдактар і выдавец кніг, прысвечаных гісторыі рэгіёна, арганізатар фестываляў традыцыйнай музычнай культуры мясцовых беларусаў. Ён стварыў у Студзіводах музей падляшскай культуры, паказваючы, як праз прыватную ініцыятыву можна наноў сабраць уласную ідэнтычнасць і ператварыць Студзіводы ў месца сілы для ўсіх, хто шукае сваё карані.

Заходнія землі Вялікага Княства
Бельск Падляскі, куды мы едзем, каб адшукаць Студзіводы, – адзін з гарадоў Падляскага ваяводства ў Польшчы. «Толькі не задай пытання, калі Дарафей Фіёнік пераехаў у Польшчу, на Падляшша, у свае Студзіводы», – папярэджваюць па дарозе калегі. Я ведаю гэты фэйл, выдавец Яраслаў Іванюк любіць пра яго расказваць. Заўважыўшы яго польскі акцэнт, некаторыя беларускія эмігранты пытаюцца, калі ён пераехаў у Польшчу. Не пераязджаў? Дык можа, бацькі? Дзяды? Даведаўшыся, што беларусы на Падляшшы жывуць адвеку, здзіўляюцца.
Падляшша – гістарычны рэгіён, які сфармаваўся на захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Па заканчэнні Другой сусветнай вайны, калі была вызначана мяжа паміж СССР і Польшчай, гэтыя землі адышлі да польскай дзяржавы.
Значную частку насельніцтва падляшскіх вёсак пасля Другой сусветнай вайны складалі этнічныя беларусы. Нават сёння, вандруючы па гэтых мясцінах, можна пачуць, як старэйшыя людзі гавораць «па-своему» – на падляшскай гаворцы. Найважнейшым складнікам беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца і праваслаўная вера мясцовых жыхароў.

Захаваць памяць і назву. Зніклая вёска Студзіводы
Дарафей Фіёнік сустракае нас на вакзале ў Бельску Падляскім. Па дарозе пытаюся пра Студзіводы, бо на Google Maps ёсць толькі Студзіводская вуліца – у памяць пра зніклую вёску.
«Студзіводы – мая малая бацькаўшчына, тое месца, дзе чалавек сябе найлепей адчувае», – тлумачыць Дарафей Фіёнік. І заўсёды падкрэслівае, што ён са Студзіводаў.
Як і многія іншыя населеныя пункты ў гэтым рэгіёне, да другой паловы XX стагоддзя Студзіводы былі невялікай вёскай, у значнай ступені населенай праваслаўнымі беларусамі.
У 1953 годзе вёска была далучана да горада. Па дарозе дробным шрыфтам мы сустракаем надпіс «Студзіводы» на нейкім дарожным элеменце, і назва музея выразна фіксуе імя зніклай вёскі: Музей малой айчыны ў Студзіводах. «Так захоўваецца памяць», – кажа Дарафей Фіёнік.
Гэты прыгарад Бельска хутка расце, зберагаючы свой асаблівы клімат. Ён зусім не падобны на тыповыя «спальнікі», якія атачаюць сучасныя польскія гарады. Тут ёсць свая цэнтральная плошча, свой культурны і нават духоўны цэнтр. А таксама музей, дзякуючы якому назва зніклай вёскі прамаўляецца даволі часта.



Музей
«Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах» – гэта скансэн, які складаецца з некалькіх аўтэнтычных пабудоў.
Найперш мы заходзім у «Мешчанскі дом» Аўтыховічаў, які быў перанесены ў скансэн самым апошнім – у 2003 годзе – з бельскай вуліцы Панятоўскага. Гэты дом 1823 года – тыповы прыклад гарадской забудовы. Сцены былі заклеены шпалерамі, і пад апошнім, ледзь не дваццатым слоем, пры рамонце знайшліся газеты 1905 года і дакументы Суздальскага палка, які дыслацыраваўся ў Бельску ў канцы ХІХ стагоддзя.
Фрагмент сцяны з газетамі і дакументамі атачылі рамкай – нібы карціну, якая ўтрымлівае наўпроставыя сведчанні часу і сляды мясцовай гісторыі.
А яна тут даўняя. Дэмантуючы дом са старога месца, пад падмуркам раскрылі амаль двухметровы культурны пласт, дзе знайшлі мноства керамікі і іншых прадметаў, пачынаючы з XV стагоддзя.
У гэтым жа доме створаны куток памяці айца Рыгора Сасны, праваслаўнага святара, свядомага беларуса, даследчыка мясцовай гісторыі і жыцця праваслаўнай царквы. З Дарафеем Фіёнікам яны выдалі шэраг кніг па гісторыі мясцовых прыходаў.

У асобным пакоі – выстава, якая распавядае пра братоў Еўцаў, якія з’ехалі з Падляшша ад «саветаў» у 1944 годзе. Малодшы Яўген Евец жыў у Парыжы, дзе кіраваў царкоўным хорам, а да гэтага жыў у Вільні і рабіў аранжыроўкі для хора Шырмы. У выдавецкай серыі «Гісторыя і культура падляшскіх беларусаў» выйшла пра яго кніга аўтарства Дарафея Фіёніка.
На другім паверсе – Палеская галерэя, дзе змешчаны этнаграфічныя рэчы, ручнікі і касцюмы, сабраныя падчас шматлікіх экспедыцый па беларускім Палессі. Тут жа можна ўбачыць самабытныя драўляныя скульптуры двух палескіх майстроў – Івана Супрунчыка і Мікалая Тарасюка.

Пастаянная экспазіцыя музея размясцілася ў драўляным доме Якуба Кандрацюка, пабудаваным у 1925 годзе. Ён ад мяшчанскага дома размешчаны праз дарогу, крыху воддаль ад яе.
Праходзім праз браму і трапляем у невялікі «сад скульптур» – плён шматгадовых пленэраў з удзелам мастакоў з Падляшша і Беларускага Палесся.

Брама, што вядзе ў двор, адмысловая. Яе правы слуп – гэта драўляная постаць Івана Сегяневіча, заснавальніка Студзівод, які ў 1514 годзе закупіў ад горада Бельска гэтыя землі. Дарэчы, род Сегяневічаў заснаваў Супрасльскі манастыр у Блудаўскай пушчы, які да сёння служыць цэнтрам праваслаўнай духоўнасці на Падляшшы.
Левы слуп – скульптура валяршчыка з валёнкам на капылы, прысвечаная родным Фіёніка, якія працавалі на фабрыцы і навучыліся вырабляць валёнкі. У хаце засталося прыстасаванне для валяння, пры жаданні і ўменні можна паспрабаваць вырабіць сабе экалагічны абутак.

Прыцягвае ўвагу вялікі драўляны барэльеф, на якім паказаны Студзіводы і наваколлі ў выглядзе карты 1514 года. Яго выканаў беларускі майстар Анатоль Туркоў. Яго ж аўтарства і постаці двух музыкаў, папулярных тут у міжваенны час.

Дарафей Фіёнік даследуе тутэйшыя мясціны надзвычай грунтоўна, акрамя серыі кніг пра тутэйшыя вёскі ў выдавецтве, ствараным пры музеі, летась выйшла яго кніга аб Бельску, Студзіводах, Супраслі і сям’і Сегяневічаў у XVI стагоддзі, залатым перыядзе гісторыі горада і рэгіёна.
У хаце тыповы вясковы інтэр’ер з печчу, ложкамі, лавамі і вялікім куфрам, засцеленымі тканымі посцілкамі. Сярод старадаўніх прадметаў побыту: драўляныя і ганчарныя вырабы. Тут жа стаіць ткацкі станок, на якім можна выткаць новыя ручнікі, дываны і посцілкі, на ім праводзяцца майстар-класы. На покуці – сямейныя іконы, аздобленыя вышытымі ручнікамі, відавочнае сведчанне праваслаўнай веры жыхароў хаты. Акрамя тыповага саламянага павука пад столлю ёсць і карункавыя ўпрыгажэнні на вокнах, якія выконваюць функцыю штор, элемент, тыповы для беларускага насельніцтва рэгіёну.

Да дома Кандрацюкоў прымыкае дом Панасюкоў, яшчэ адна родавая хата. Тут знаходзіцца галерэя карцін, а таксама строі, прызначаных да капіравання для створанага пры музеі калектыву «Жэмэрва», які не толькі паказвае аўтэнтычныя песні і танцы, але сапраўдны строй беларусаў Падляшша. Кіруе гуртом сястра Дарафея Фіёніка Ганна.

Самавызначэнне
У 7 класе польскай школы Дарафей Фіёнік папрасіў бацькоў размаўляць з ім «па-своему», на мясцовым падляшскім дыялекце, так, як гаварылі яго дзяды і бацькі паміж сабой.
А ў сшытках па польскай мове пачаў пісаць «рускімі літэрамі», што вельмі занепакоіла яго настаўнікаў. Пасля навучыўся чытаць па-беларуску з дапамогай газеты «Нівы». Гэтую беларускую газету ён купляў для дзядзькі Якуба, які жыў у тым доме, дзе цяпер размешчаны музей.
«Калі я быў у пятым ці шостым класе, дзядзька папрасіў прыносіць мне з кіёска ўсе газеты, выдадзеныя па-руску. Ну я і папрасіў у прадавачкі «wszystkie ruskie gazety». Прадавачка выклала беларускую «Ніву», украінскае «Наша слова» і савецкую «Правду».
Я і прынёс дзядзьку Якубу тры «рускія газеты». Дзядзька кажа: «Што ты мне прынёс? «Наша слова» пра нейкія незнаёмыя вёскі расказвае, мне не цікава. У «Праўдзе» толькі КПСС і КПСС, я таго не разумею, хоць добра чытаю па-расійску. Толькі «Ніву» мне прынось, бо там пішуць пра нашыя справы».
«Ніва» была дазволена тагачаснымі польскімі ўладамі, аднак дзякуючы галоўнаму рэдактару Георгію Валкавыцкаму праводзіла «тутэйшую лінію», з мінімальнымі навінамі з савецкай Беларусі, змешчанымі дзесьці на апошніх старонках, якія ніхто не чытаў.
«Ніву» я спачатку не мог чытаць, бо літаратурная беларуская мова вельмі цяжкая для таго, хто яе не ведае. Але я ведаў кірыліцу, то памаленьку па дарозе да дзядзькі навучыўся чытаць. Бо там пра вёску Чыжы пісалі, пра іншыя знаёмыя рэчы. Спачатку пачаў чытаць «Ніву», а пасля і пісаць у «Ніву». У 18 гадоў дэбютаваў вершамі на беларускай літаратурнай мове. Не па-падляшску, бо тады я не ведаў людзей, якія б пісалі па-падляшску».
Пасля школы Дарафей Фіёнік пайшоў у пяцігадовы сельскагаспадарчы тэхнікум у Бельску.
«Усё патрэбнае ў нашым жыцці, усё, што чалавек добрага пачынае. Патрэбна было, каб я вярнуўся да вытокаў, да вясковай гаспадаркі, хоць не мусіў так рабіць: мае бацькі не былі сялянамі, тата быў рамеснік, мама чыноўніцай. Я мог адразу пайсці па іншых шляхах. Але я вярнуўся ў русла сваіх дзядоў і прадзедаў», – так адказвае Дарафей на пытанне пра перыпетыі адукацыі.
У тэхнікуме ён сустрэўся з хлопцамі і дзяўчатамі з вёсак на ўсход ад Бельска, для якіх падляшская мова была натуральным і свядомым выбарам. «А я яшчэ у 7 класе пачаў шукаць сваіх каранёў, пачаў пераходзіць на мову сваіх бацькоў, дзядоў і дзядзькоў. Тая мова акружала мяне, была ўва мне, трэба было толькі яе праявіць».
Разам з некаторымі навучэнцамі тэхнікума Дарафей стаў займацца ў тэатры «Парнас», якім пры беларускім клубе ў Бельску кіраваў Янак Мордань.
У тэатры ставілі п’есы паводле твораў сяброў беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», па-беларуску пісалі Ян Чыквін, Надзея Артымовіч, Віктар Швед. Гэта быў 1986 год, ужо пачалі даходзіць кніжкі з Беларусі.

«Першы паэт з Беларусі, якога я ўпершыню прачытаў, быў Караткевіч. Не ведаў тады ні Коласа, ні Купалы, бо вучыўся ў польскай школе, – згадвае Дарафей Фіёнік. – Спачатку да мяне патрапіў зборнік «Быў. Ёсць. Буду…». Мяне ўразіла, што паэзія можа быць такой. Наступным прачытаў Алеся Разанава. Я і сам пачаў пісаць вершы. Але паэзію хутка пакінуў і з 1987 года друкаваў у «Ніве» краязнаўчыя матэрыялы. Гэта былі эцюды адкрывання сваёй гісторыі, глыбокага зместу яны не мелі».
Дарафей Фіёнік згадвае, як кіраўнік тэатра Янак Мордань хацеў паставіць на сцэне «Васіля Цёркіна», мясцовыя хлопцы твор не зразумелі і папрасілі нечага больш моладзевага. Тады Дарафей знайшоў кніжку шатланскага паэта Роберта Бэрнса ў перакладзе Язэпа Семяжона, а ў ёй кантату «Вясёлыя жабракі». Стварыў музыку на сем песень і спектакль паказалі ў 1987 на аглядзе аматарскіх тэатральных калектываў у Беластоку. Сюжэт спектакля быў рэвалюцыйны, але ў Польшы ўжо адчувалася адліга і моладзь не баялася.
Адным з актораў быў Яраслаў Іванюк – будучы заснавальнік фонда «Камунікат».
У 1988 годзе Дарафей Фіёнік паступіў у праваслаўную семінарыю ў Яблэчнай. Манастыр стаяў над ракой Буг, а за Бугам ляжала Беларусь. Хлопцы, што вучыліся ў семінарыі, купаліся ў Бугу, пераплывалі раку, траплялі ў Беларусь. Часам, праўда, савецкія пагранічнікі затрымлівалі семінарыстаў, але абыходзілася без наступстваў.

Падчас вучобы юнак вандраваў па Паўднёвым Падляшшы – рэгіёне з некалі моцнымі ўкраінскімі ўплывамі. «Сумны даволі рэгіён, бо была забраная ў яго аўтэнтычная гісторыя, – згадвае Дарафей Фіёнік. – Ваколіцы Бяла-Падляска моцна пацярпелі. Мясцовае насельніцтва тут актыўна вывозілі – каго ў СССР, каго на заходнія польскія землі.
На шчасце, у нашай частцы Падляшша было па-іншаму. У нас не было украінскага руху, УПА да нас не даходзіла. Таму не было помсты за УПА. Акцыя «Вісла», падчас якой мясцовае няпольскае насельніцтва вывозілі на захад Польшчы, нас не закранула ўвогуле, бо ўлада не лічыла нас украінцамі. Аднак 30 тысяч з Беласточчыны выехала у СССР у сярэдзіне саракавых гадоў, і гэта была вялікая страта для беларускай супольнасці».
Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай у 1944–1947 гадах стаў адной з шматлікіх балючых старонак паваеннай гісторыі памежнага рэгіёну. Пасля ўсталявання новай савецка-польскай мяжы было прынята пагадненне, паводле якога беларусы павінны былі перасяляцца з тэрыторыі Польшчы ў БССР, а палякі — у адваротным кірунку. Фармальна «добраахвотна», у рэальнасці перасяленне суправаджалася пагрозамі і гвалтам. У людзей забіралі маёмасць і давалі некалькі дзён, каб ад’ехаць да «сацыялістычнага раю».
«Аднак гісторыя не любіць пустаты, – мяркуе Дарафей Фіёнік, – і цяпер многія прыехалі з Беларусі да нас».

Стаўленне большасці беларускіх эмігрантаў у Польшчы да мясцовых беларусаў Фіёнік ацэньвае як «герметычнае», людзі замкнуліся ў сваіх праблемах. Аднак пэўная частка эмігрантаў гэта «нашы людзі, якія зразумелі, што тут іх месца, што ім патрэбная інкультурацыя з намі, каб стацца членам беларускай супольнасці».
Аднак людзям, якія выраслі ў вялікіх гарадах, складаней зразумець этнаграфічную спадчыну рэгіёна, чым перасяленцам з вёсак і мястэчак – з Кобрына ці Камянца. Дарафей Фіёнік аб’ездзіў усё беларускае Палессе, даследуючы мясцовыя традыцыі. «Розніцы паміж намі няма, мы на адных хвалях думаем, жартуем, гаворым. А менчукам перайсці дарогу да нас, зразумець нас – цяжка».
З двух бакоў патрэбнае ўзаемаразуменне, лічыць гісторык: «Нашыя людзі часта закрытыя. Калі Беларусь стала незалежнай, да нас стала прыязджаць вельмі шмат людзей адтуль – навукоўцаў, гісторыкаў, даследчыкаў. Для майго таты, пакуль ён жыў да 2022 года, усе яны былі «советы». Зноў тыя «советы» наехалі», – казаў. Бо ў таты была траўма 1939-1941 гадоў, калі тут стаялі савецкія ваенныя часткі. Гэта быў яго кашмар з дзяцінства».

Гісторыя старога дому
Дарафей Фіёнік закончыў семінарыю ў 1991-м, апошні год вучыўся завочна, бо пачаў працаваць у Бельску як настаўнік Закону Божага ў пачатковай школе.
Вярнуўшыся ў родныя Студзіводы, нарэшце змог узяцца за рэалізацыю даўняй ідэі стварыць музей у хаце роднага дзядзькі. Інтэр’ер той хаты, дзядзькавы рэчы і сталі асновай музея.
Дом, у якім жыў дзядзька Якуб, насамрэч родавы. Яго пабудавалася сям’я, вярнуўшыся з бежанства ў 1921 годзе.
Прадзед Павел з бежанства не вярнуўся, памёр пад Саратавам ад нейкай хваробы. Дом будавала прабабуля Анастасія Кандрацюк і яе дзеці пасля вяртання з бежанства. «Вярнуліся сюды на голы камень. Студзіводы былі спаленыя падчас бітвы за Бельск, якая праходзіла ў 1915 годзе. Спачатку жылі ў зямлянцы, пасля ў нейкім «шпіхерыку», які прывезлі з суседняй вёскі ад сваякоў. І вось у 1925 годзе гэты дом Кандрацюкоў быў збудаваны з дрэва Белавежскай пушчы. Дапамагаў у гэтай будове бельскі яўрэй Яхэльчык, які меў фабрыку па вырабу валёнак».

Тэма бежанства падчас першай Сусветнай вайны для Падляшша не менш балючая, чым масавыя перасяленні. Прымусовая эвакуацыя жыхароў з Беларусі і ўсёй заходняй часткі Расійскай імперыі, куды ўваходзілі і сённяшнія польскія землі, на ўсход Расіі была праведзена ў часе Першай сусветнай вайны, падчас адступлення расійскай арміі пад націскам нямецкага наступлення з 3 мая па верасень 1915 года.
Дарафей Фіёнкі выдаў кнігу пра бежанства 1915-1922 гадоў, разам з беларускім навукоўцам Віталём Скалабанам зладзіў першую выставу на гэту тэму ў Бельску Падляскім.
З Віталём Скалабанам, як і з іншымі навукоўцамі, Дарафей Фіёнік пазнаёміўся ў Мінску, дзе вывучаў экстэрнам музеязнаўства ў Мінскім універсітэце культуры. Яны дапамагалі ў архіўнай працы і прыязджалі ў Студзіводы на навуковыя канферэнцыі. Напрыклад, Генадзь Семянчук адшукаў шмат матэрыялаў пра рэгіён у беларускіх і расійскіх архівах.

Больш, чым музей
У 1993 годзе скансэн атрымаў назву прыватнага гісторыка-археалагічнага музея і нават патрапіў у агульнапольскі каталог.
У 2000-м зарэгістравалі аб’яднанне «Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах», а музей паступова пашырыўся да трох дамоў і гаспадарчага будынку. У клуні непадалёк можна праводзіць мерапрыемствы, якія патрабуюць вялікай плошчы. Цяпер там перыядычны адбываецца фестываль сучаснай музыкі Barn+Field, які запачаткавалі сыны Ілля і Максім з сябрамі. Сёлета ён пройдзе ў трэці раз.
Аб’яднанне Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах ладзіць выставы, навуковыя канферэнцыі, майстар-класы народных рамёстваў, фестывалі, праводзіць этнаграфічныя экспедыцыі. Па выніках экспедыцый з’яўляюцца кружэлкі з запісамі аўтэнтычнага фальклору, а таксама кніжныя публікацыі на гістарычную і этнаграфічную тэмы.
Пры аб’яднанні дзейнічае друкарня, выдаюцца два перыядычныя выданні пра Падляшша.

У іх друкуюцца матэрыялы на розных мовах, у тым ліку на падляшскай. «У пэўны час наспела патрэба выдавання пры нашым музеі кніжак, часопісаў, плытак, – расказвае Дарафей Фіёнік. – Нейкія рэчы на падляшскай мове проста не было каму выдаваць. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х я зразумеў, што не трэба спадзявацца на дапамогу беларускіх арганізацый у прапагандаванні нашай падляшскай пісьмовай мовы. Нават газета «Ніва» не хацела друкаваць асобныя старонкі на падляшскай мове. А мы, беларусы Падляшша, маем дзве свае родныя літаратурныя мовы».
«У нас сяляне пішуць кнігі», – кажа выдавец. І паказвае таўсценнае выданне, напісанае пчаляром і фермерам пра вёску Катлы.
Дарафей Фіёнік з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг пра гісторыю і культуру Падляшша.

Жыццё ў рытме продкаў
Дарафей Фіёнік называе сябе практыкам-этнографам, бо яго адносіны да фальклору вынікаюць з ладу жыцця. Ён практыкуе традыцыйныя спосабы вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
Напрыклад, на Юр’я (6 траўня) на свае ўласныя пасевы жыта сям’я выходзіць на рытуал абходу палёў. Па традыцыі падчас абыходу поля з азімымі пасевамі жыта гаспадар трымае каравай, які потым ставіць на зямлю, спраўджваючы, ці высокае вырасла збожжа. Калі расліны вышэйшыя за каравай, гэта прадказвае добры ўраджай. Такі звычай вядомы і ў Беларусі. Асаблівасць абыходу нівы на Юр’я ў ваколіцах Бельска Падляшскага — катанне каравая па жыце, качанне гаспадара і сямейнікаў, што ўдзельнічалі з ім у абрадзе, па збожжы, закопванне ў рагох поля шкарлупіння ад велікодных яек. Усё гэта павінна забяспечыць добры ўраджай.
Гэта можна было б назваць экалагічнымі практыкамі, аднак насамрэч – гэта спроба працягнуць той рытм, які выпрацавалі продкі. «Таму я не магу пакінуць зямлю, не магу яе не засяваць, бо калі перастану (хоць рацыянальна мне не трэба свае пару гектараў засяваць), тады перарву той ланцужок, які праз сотні гадоў доўжыцца», – расказвае Фіёнік.
Фальклорныя абрады, этнаграфічныя фестывалі, якія ладзяцца пры музеі – не пра мінулы час, яны ўваходзяць у жыццё яго сям’і і мясцовай грамады непасрэдна.
Дарэчы, у гуртах, створаных пры музеі, «Жэмерва» і «Асочнікі», што выступаюць на розных канцэртах і фэстах, спяваюць таксама яго дзеці – двое сыноў і дачка Таіса.

Дзеці, моладзь, будучыня…
У 1950-я гады на Падляшшы дзейнічала амаль 150 школ, дзе выкладалася беларуская мова. Сёння колькасць насельніцтва, якое вызначае сябе як беларусаў, імкліва зніжаецца. Падчас апошняга перапісу беларусамі назвалі сябе 23 242 чалавекі (у 2011 годзе – 39 105).
Аднак у апошнія гады ў Польшчы паўстала шматлікая беларуская дыяспара, на якую актыўная частка беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы ўскладае пэўныя спадзевы. Актыўна развіваюцца супольныя праекты беларускіх эмігрантаў з беларусамі Падляшша, многія эмігранты цікавіцца народнай культурай і вандруюць па Беласточчыне, каб прыняць удзел у беларускіх фэстах, у тым ліку тых, якія ладзіць Дарафей Фіёнік.

Яшчэ пакаленне пратрывае падляшская беларуская ідэнтычнасць, а можа і два, – выказаў меркаванне ўраджэнец Бельска Падляска Яраслаў Іванюк, выдавец беларускіх кніг і стваральнік фонду «Камунікат», у дыскусіі, якая адбылася на фестывалі «Тутака».
Напрыканцы нашай вандроўкі мы запытваем Дарафея Фіёніка пра будучыню, ці будуць наступныя пакаленні развіваць мясцовыя традыцыі і мову? Ці яшчэ пакаленне, два – і ўсё?
А можа, гэтая падляшская ідэнтычнасць увасобіцца ў новых сучасных формах?
У Музеі малой бацькаўшчыны ў Студзіводах заўсёды шмат моладзі, расказвае Дарафей Фіёнік. Прыходзяць групы школьнікаў, часам тры на тыдзень. З сястрой Аняй Дарафей Фіёнік на пачатку 2000-х запачаткавалі летнюю школку – этнаграфічна-музычныя майстэрні «Лета з традыцыямі» для дзяцей і падлеткаў. У ліпені яна адбудзецца чарговы раз. За ўвесь гэты час праз майстэрні прайшло больш за паўтысячы дзяцей, частка з якіх працягнула справу сям’і Фіёнікаў.

Напрыклад, з гурта «Жэмэрва», які быў створаны пры музеі, выйшла Ніка Юрчук, якая цяпер спявае ў дуэце Sw@da x Niczos.
Гадоў сорак таму ў вёсках паміж Бельскам і Гайнаўкай было вельмі шмат моладзі, сёння моладзі мала, старэйшыя людзі гавораць па-падляшску, сярэдняе пакаленне таксама, а моладзь размаўляе ў пераважнай большасці па-польску.
«Сорак гадоў таму вясковы і гарадскі чалавек належалі да двух розных светаў, – тлумачыць Дарафей Фіёнік. – Сёння людзі і ў горадзе, і ў вёсцы падпадаюць пад адну ментальную мадэль.Паміж імі няма розніцы. Вясковы чалавек часта не займаецца сельскай гаспадаркай, а займаецца тым, чым людзі ў Варшаве».
У любым выпадку падляшская мова захаваецца ў кніжках ці ў лічбавай прасторы. Аднак не ўсё так сумна, – мяркуе Дарафей Фіёнік. Бо цяпер часта бывае так, што моладзь ужо ў гарадах, а не ў вёсках, пачынае вывучаць падляшскую мову і ўзнаўляць традыцыі дзядоў.
Дарафей Фіёнік захоўвае падляшскую мову ў сям’і. «Нашы ініцыятывы ўжо пабудавалі мост паміж пакаленнямі, – кажа ён. – Мая жонка Эльжбета і я стварылі для нашых дзяцей дом, дзе яны могуць атрымліваць асалоду ад музыкі і спеваў на сваёй роднай мове, успадкаванай ад нашых продкаў».
Старэйшы сын Максім Фіёнік – сябра Цэнтральнага праўлення Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы, ён спявае ў гурце «Осочнікі». Сын Ілля – музыка, прадзюсар і арганізатар фестывалю Barn+Field у Студзіводах, які называюць Падляскім Вудстокам. Нядаўна з сястрой Таісай яны выпусцілі кліп на трэк «MOJE POROHI». У кліпе можна пабачыць падляскія краявіды, вясковы побыт і шмат знаёмых асобаў з беларускай супольнасці рэгіёну.
Малады прадстаўнік сям’і Ілля Фіёнік упэўнены, што ў падляшскіх дыялектах вялікі патэнцыял менавіта для творчасці – музыкі, кіно. На ютуб-канале Tutaka ён расказвае пра тое, як файна гучыць рэп на беларускай гаворцы, як рэчы з бабулінага гарышча становяцца моднымі сімваламі, а Студзіводы — пунктам прыцягнення для людзей розных нацыянальнасцяў. І як дзякуючы мультыкультурнасці на Падляшшы ўзнікаюць унікальныя мастацкія з’явы, крыніца натхнення для розных пакаленняў.
Сачыць за падзеямі ў Студзіводах можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram