НАБУ і САП прад’явілі падазрэнне былому міністру энергетыкі Украіны

Галоўнае
Фото: НАБУ

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура Украіны паведамілі аб прад’яўленні падазрэння паводле ч. 2 арт. 255, ч. 3 арт. 209 КК Украіны былому міністру энергетыкі Герману Галушчанку, затрыманаму на выхадных. Гаворка ідзе пра адмыванне сродкаў і ўдзел у злачыннай арганізацыі. Галушчанка ўвайшоў у лік падазраваных па справе “Мідас”.

Паводле версіі следства, у лютым 2021 года ў афшорнай зоне на брытанскім востраве Ангілья быў заснаваны фонд, які павінен быў прыцягнуць 100 млн долараў інвестыцый. На чале фонду быў пастаўлены знаёмы ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі, грамадзянін Сейшэльскіх астравоў і Сент-Кітс і Нэвіс, які на прафесійнай аснове аказваў паслугі па адмыванні даходаў, атрыманых злачынным шляхам.

Сярод інвестараў фонду была і сям’я былога міністра энергетыкі. З мэтай утойвання яго ўдзелу ў фондзе былі зарэгістраваны дзве кампаніі на Маршалавых Астравах, інтэграваныя ў структуру траста, зарэгістраванага ў Сент-Кітс і Нэвіс. Бенефіцыярамі кампаній аформілі былую жонку і чатырох дзяцей чыноўніка.

“Гэтыя кампаніі сталі «інвестарамі» фонду (шляхам пакупкі яго акцый), а ўдзельнікі злачыннай арганізацыі ў інтарэсах падазраванага сталі пералічваць сродкі на рахункі фонду, адкрытыя ў трох швейцарскіх банках”, – гаворыцца ў паведамленні.

Усяго арганізацыя атрымала больш за 112 млн долараў наяўнымі ад супрацьпраўнай дзейнасці ў энергетычным сектары. Гэтыя грошы легалізоўваліся праз інвестыцыі ў крыптавалюту і ўкладанне ў названы фонд.

У НАБУ заявілі, што на рахункі фонду, якімі распараджалася сям’я падазраванага, пералічылі больш за 7,4 млн долараў. Яшчэ больш за 1,3 млн швейцарскіх франкаў і 2,4 млн еўра выдалі наяўнымі і пералічылі сям’і непасрэдна ў Швейцарыі. Сродкі пайшлі на аплату навучання ў прэстыжных установах Швейцарыі і былі размешчаны на рахунках былой жонкі. Астатнія паклалі на дэпазіт, ад якога сям’я высокапастаўленага чыноўніка атрымлівала дадатковы даход і траціла яго на ўласныя патрэбы.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года ў НАБУ заявілі пра выкрыццё злачыннай арганізацыі, удзельнікі якой праз карупцыйныя схемы кантралявалі дзейнасць «Энергаатама». Сцвярджалася, што ўдзельнікі сістэматычна атрымлівалі ад контрагентаў «адкаты» ў памеры 10-15% ад кошту кантрактаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны