У сувязі са спякотным надвор’ем і ростам колькасці адпачывальнікаў ля вадаёмаў супрацоўнікі міліцыі праводзяць комплекс мерапрыемстваў. Да месцаў масавага адпачынку набліжаны нарады, сумесна з МНС, АСВОДам і добраахвотнымі дружынамі арганізаваны рэйды. У працы задзейнічаны квадракоптары і сродкі персанальнай мабільнасці.
Як паведамілі ў прэс-службе МУС, падставай для ўзмацнення стаў рост колькасці правапарушэнняў з надыходам спякоты. Гаворка ідзе пра купанне ў забароненых месцах, распіццё алкаголю, з’яўленне ў нецвярозым стане, парушэнне правілаў дарожнага руху і крадзеж пакінутых без нагляду рэчаў.
Асобная ўвага надаецца бяспецы дзяцей. У перыяд летніх канікул школьнікі нярэдка праводзяць час ля вадаёмаў без суправаджэння дарослых, купаюцца ў непрыстасаваных месцах, ныраюць з берагоў, выкарыстоўваюць плыты і надзіманыя матрацы, адзначылі ў ведамстве. Бацькам нагадваюць, што дзеці да 14 гадоў могуць купацца толькі пад кантролем дарослых і ў спецыяльна адведзеных месцах.
Нагадаем, з-за спякоты сіноптыкі абвясцілі чырвоны ўзровень пагоднай небяспекі на нядзелю і панядзелак. У гэтыя дні тэмпература будзе вагацца ад +30 да +39°С.