Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы атрада спецназа «Рысь» затрымалі 43-гадовага жыхара Оршы. Ён падазраецца ў вымаганні грошай і маёмасці ў мінчука.
Затрыманы раней судзімы і правёў у месцах пазбаўлення волі больш за 25 гадоў за вымаганне, махлярства, хуліганства, угон, незаконнае пазбаўленне волі і пагрозу забойствам. Ён выйшаў на волю ў маі 2025 года.
Як заяўляе МУС, на працягу некалькіх месяцаў мужчына патрабаваў грошы і маёмасць у мінчука. Ён пагражаў ужываннем гвалту, прычыненнем цялесных пашкоджанняў, забойствам, а таксама пагражаў распаўсюдзіць звесткі, якія пацярпелы хацеў захаваць у таямніцы. У выніку ахвяра аддала вымагальніку 6 тысяч рублёў.
Распачата крымінальная справа. Затрыманы змешчаны ў СІЗА. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
