Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі абвяргае паведамленні пра затрыманне ў Беларусі каля 300 цягачоў з калінінградскай рэгістрацыяй, якія прыбылі з Літвы. Пра затрыманне грузавікоў для экспертызы паведамляла расійскае выданне «Клопс».
ДМК заяўляе, што забяспечвае своечасовы выпуск транзітных тавараў, якія перамяшчаюцца з выкананнем заканадаўства, у тым ліку тавараў з Калінінграда. У сярэднім за суткі праз беларуска-літоўскую мяжу праходзіць каля 80 транспартных сродкаў з калінінградскай рэгістрацыяй.
У Беларусі на мытні застаюцца 16 транспартных сродкаў, у тым ліку 11 расійскіх. Іх спынілі па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў.
«А ў цяперашні час у зонах мытнага кантролю на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ўсяго 16 транспартных сродкаў міжнароднай перавозкі (11 з іх – на расійскай рэгістрацыі), рух якіх прыпынены з-за наяўных падстаў меркаваць пра парушэнні заканадаўства пры іх увозе.
Гаворка ідзе пра адзін з распаўсюджаных спосабаў ухілення ад выплаты мытных плацяжоў – перамяшчэнне транспартных сродкаў пад выглядам ужо зарэгістраваных у ЕАЭС. Для гэтага парушальнікі падрабляюць vin-нумары, рэгістрацыйныя знакі, тэхнічныя пашпарты», — патлумачылі ў ДМК.
Праверкі і экспертызы такіх грузавікоў займаюць да 20 рабочых дзён. Перавозчыкаў паведамляюць пра прыпыненне руху, каб яны маглі замяніць аўтамабілі для далейшага перамяшчэння грузаў.
«Толькі за першае паўгоддзе 2026 года беларускія мытнікі ўстанавілі 60 спроб увозу падобным спосабам транспартных сродкаў, у тым ліку прычэпаў, 16 з якіх маюць прыкметы крымінальна каральных. Па незаконным увозе 26 транспартных сродкаў, агульны кошт якіх склаў звыш 1,8 млн бел. рублёў, ужо завершаны адміністрацыйныя працэсы», — заяўляе ДМК.
Нагадаем, расійскае выданне паведамляла, што ў Беларусі затрымалі каля 300 цягачоў з калінінградскай рэгістрацыяй для экспертызы, якая займае да 3-4 месяцаў. З-за гэтага перавозчыкі церпяць страты.
