9 красавіка ў берлінскім Radialsystem адбудзецца канцэрт Марыі Калеснікавай. Музыкантка і адна з лідарак беларускай дэмакратычнай апазіцыі ўпершыню пасля вызвалення выйдзе да публікі як артыстка.
Праект «#freemaria» Марыя распрацавала сумесна з вядомым рэжысёрам Ёхенам Зандзігам. Гэта спроба асэнсаваць падзеі 2020 года і наступныя гады праз прызму мастацтва і асабістага досведу.
У цэнтры перформансу — пытанні годнасці, адказнасці за ўласныя рашэнні і нязломнасці духу. Марыя будзе гаварыць з публікай пра любоў да сям’і і краіны, а таксама пра сілу, якая дазваляе заставацца вольным нават пад каласальным знешнім ціскам.
«Магчыма, мастацтва не выратуе свет, але яно можа даць людзям сілу і прынесці выратаванне. Гэтым усведамленнем Марыя Калеснікава хоча падзяліцца з усімі намі», — гаворыцца ў анонсе падзеі.
Нагадаем, што літаральна некаторы час таму Марыя Калеснікава асабіста атрымала Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага ў Ахене, якая была прысуджана ёй завочна яшчэ ў 2022 годзе. Яе з’яўленне ў Берліне — гэта сімвалічнае вяртанне ў еўрапейскую культурную прастору.
Перформанс у Radialsystem спалучае музыку, мастацтва і філасофскую рэфлексію, ствараючы «ўнутраную прастору душы».
Набыць квіткі на падзею можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
