Лукашэнка заявіў аб падтрымцы Лулы да Сілвы на прэзідэнцкіх выбарах у Бразіліі

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з паслом Бразіліі ў Мінску Бернардам Клінглам. Ён прапанаваў пашырыць супрацоўніцтва дзвюх краін, а таксама выказаў падтрымку цяперашняму прэзідэнту Бразіліі Луісу Луле да Сілве на будучых выбарах.

“Бразілія перажывае важны палітычны момант. Наколькі я інфармаваны, у гэтым годзе ў вас адбудуцца ўсеагульныя выбары. Вы будзеце выбіраць усіх, каго толькі можна. Шчыра кажучы, я вам у гэтым не зайздрошчу, бо гэта цяжкі перыяд. Але мы вельмі перажываем за тое, каб цяперашні прэзідэнт Бразіліі на гэтых выбарах захаваў сваю пасаду. Наколькі я інфармаваны, ён пацвердзіў свой удзел у гэтых выбарах.

Мы ўсяляк будзем спрыяць таму, калі гэта трэба для Бразіліі, каб выбары прайшлі ў спакойнай і мірнай абстаноўцы ў інтарэсах бразільскага народа. Калі гэта будзе патрэбна”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён прапанаваў выбудоўваць адносіны больш інтэнсіўна і не ўскладняць іх.

“Думаю, што нам трэба падыходзіць да выбудоўвання нашых адносін больш інтэнсіўна і не ўскладняць іх. Проста. Асновай з’яўляецца эканоміка. Таму трэба выбраць тыя напрамкі супрацоўніцтва ў эканоміцы, якія цікавыя Бразіліі. З іншага боку — цікавыя Беларусі. Гэта мы можам зрабіць”, — дадаў ён.

На думку Лукашэнкі, існуе шмат узаемавыгадных пытанняў, якія ён ужо падымаў у адносінах з Бразіліяй.

“Але некаторыя з іх не знайшлі свайго вырашэння. А калі яны ўзаемавыгадныя (як вы бачыце, час вельмі хутка змяняецца), нам трэба сур’ёзна падысці да гэтых пытанняў і вызначыцца, ці будзем мы ў гэтым напрамку рухацца”, — сказаў ён.

Ён таксама падкрэсліў, што погляды спецыялістаў як у Беларусі, так і ў Бразіліі на пытанні сусветнага парадку цалкам супадаюць.

Трэба адзначыць, што раней Бразілія была адным з найбуйнейшых пакупнікоў беларускіх калійных угнаенняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны