Лукашэнка пра вайну з Іранам: “Бамбілі, закідвалі бомбамі і ракетамі… І што, перамаглі? Не”

Армія
Фото: Пул первого

Аляксандр Лукашэнка сёння склікаў нараду па пытаннях узбраенняў арміі і абароннага заказу. Ён не прамінуў даць ацэнку аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана, выкарыстаўшы яе як аргумент на карысць выбару тых ці іншых узбраенняў.

“Важна, што выкананне праграмы дазволіла нам за пяць гадоў павысіць удзельную вагу сучасных узораў ва Узброеных Сілах амаль да паловы — 45%. А доля штогод абнаўляемых павялічвалася да 2%. Можна канстатаваць, што меры, якія мы прымаем, дазваляюць падтрымліваць узбраенне і ваенную тэхніку ў баягатовым стане”, — сказаў Лукашэнка, падводзячы вынікі дзяржпраграмы ўзбраення на 2021-2025 гады.

Ён нагадаў, што акцэнт быў зроблены на ВПС і СПА. Беларуская армія атрымала новыя самалёты, верталёты, сродкі супрацьпаветранай абароны. Таксама былі закупленыя бронемашыны для механізаваных падраздзяленняў, палепшаная экіпіроўка асабовага складу, атрыманыя новыя сродкі сувязі.

“Як паказвае досвед, гэта таксама найважнейшы кампанент, які сёння вызначае многае, а часам усё ў сучасным баі. У бліжэйшы час на ўзровень сродкаў сувязі мы паглядзім. Дарэчы, усё, пра што я кажу, вырабляецца ў Беларусі”, — сказаў ён.

Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць праграму на наступную пяцігодку.

“Без аснашчэння войскаў сучасным узбраеннем вырашыць задачы абароны немагчыма. Пры гэтым хачу заўважыць: мы не павінны кідацца на ўсе віды ўзбраенняў, якія мы бачым у сучасных канфліктах. Па-першае, мы павінны мець тую зброю, якой мы можам скарыстацца, з якой мы, перш за ўсё нашы афіцэры, умеем абыходзіцца”, — сказаў ён.

Лукашэнка ў чарговы раз нагадаў, што тэрыторыя Беларусі з’яўляецца лясістай.

“Па-другое, трэба ўлічваць тэатр ваенных дзеянняў, будучых дзеянняў, тэрыторыю Беларусі. Гэта не пустыня, гэта нават не ўкраінскія стэпы. Таму зброю трэба набываць, ствараць тую, якая нам будзе патрэбная”, — сказаў ён.

Ён падкрэсліў, што без наземных аперацый сённяшнія войны не выйграюцца, таму салдаты павінны валодаць “фундаментальнай зброяй”.

“Але пры гэтым, яшчэ раз паўтару, без фундаментальнай зброі, якой павінен валодаць салдат, мы ніякую вайну не выйграем.

Апошнія канфлікты пра гэта кажуць. Дапусцім, узброенае сутыкненне Ірана, Ізраіля і Злучаных Штатаў Амерыкі што паказала? Бамбілі, закідвалі бомбамі і ракетамі… І што, перамаглі? Не. Без наземнай аперацыі нікуды. А наземная аперацыя — гэта салдат, навучаныя нашы афіцэры. І тая зброя, якая патрэбная для вядзення бою на зямлі”, — сказаў ён.

“Абмеркаваўшы праект праграмы, мы павінны прыняць рашэнне. Калі мы прымаем рашэнне, я падпішу гэтую праграму.

Як у гэтых дакументах адлюстраваныя пытанні аснашчэння войскаў сучаснымі сродкамі з улікам існых і новых ваенных пагроз, якія зараджаюцца, а таксама вынікаў праведзенай праверкі?

Ці ўлічаныя прапановы іншых сілавых ведамстваў? Распрацоўцы якога ўзбраення ў праграме аддадзеныя перавагі для павышэння баявога патэнцыялу войскаў?” — сказаў ён, падкрэсліўшы, што эфектыўнасць выдзеленых сродкаў павінна быць максімальнай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.