Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі РФ Валянцінай Матвіенка заявіў, што нядаўна казаў прадстаўнікам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, што “нашы народы будуць разам”.
Лукашэнка таксама паспяшаўся запэўніць Матвіенка, што не існуе сілы, якая магла б разбурыць яго адзінства з Расіяй.
“Расія, Беларусь — гэта, як я кажу, наша агульная Айчына. Не мы з вамі вінаватыя, што тут дзве дзяржавы ўтварыліся. Але гэта вельмі дружалюбныя, братэрскія дзяржавы. Думаю, няма той сілы, якая магла б разбурыць гэтае адзінства”, — сказаў ён.
“Хоць ахвотных вельмі шмат”, — уставіла Матвіенка.
“Вельмі шмат. Але я ўпэўнены (і пра гэта казаў нядаўна прадстаўнікам Зяленскага), што ўсё адно нашы народы будуць разам. Рана ці позна мы ўсё адно будзем разам. А як інакш? Вашы родныя пахаваныя ва Украіне. Вы сёння працуеце на карысць не толькі Расіі, але і Беларусі, і не супраць той жа Украіны. Ну як гэта ўсё разарваць? Гэта немагчыма. Нашы людзі там жывуць, заўсёды разам жылі і сябравалі. І будуць сябраваць. Пройдзе час, мы сваю галаву прывядзём у парадак і наладзім нашы адносіны. Я ў гэтым абсалютна перакананы. І ў гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць”, — сказаў ён, не ўдакладніўшы, пра якія кантакты ідзе гаворка.
Лукашэнка таксама падзякаваў Матвіенка за патранаж над Форумам рэгіёнаў, які сёння пачаўся ў Беларусі. Паводле яго слоў, у часы Ельцына наладжваць адносіны было складана.
“Што датычыцца Форуму рэгіёнаў і рэгіёнаў увогуле, асабліва ў Расіі, мой асноўны тэзіс вы ведаеце: дзякуючы рэгіёнам мы захавалі цёплыя сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй”, — сказаў ён.
“Тады рэгіёны нас выратавалі. Мы непасрэдна з імі мелі адносіны”, — дадаў Лукашэнка, успомніўшы ельцынскія часы.
“Гэты рэгіянальны форум, які мы праводзім, прыносіць і нам, і вам — расіянам і беларусам — мільярды рублёў, канкрэтныя кантракты. Мы бачым адно аднаго, знаёмімся з нашымі магчымасцямі — гэта вялікая справа”, — працягнуў ён.