Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе абверг інфармацыю пра размяшчэнне «Арэшніка» пад Слуцкам і заявіў, што комплекс «размясцілі там, дзе больш выгадна». Напярэдадні ён паведаміў, што «Арэшнік» знаходзіцца ў Беларусі з 17 снежня і заступае на баявое дзяжурства.
«Сёння прачытаў, што нашы “ачумелыя” там, за мяжой, заявілі, што недзе ў раёне Слуцка мы размясцілі “Арэшнік”. Не хачу казаць, дзе, і не скажу, але гэта поўная хлусня. Ні ў якім Слуцку мы “Арэшнік” не размяшчалі. Размясцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта казаць не буду. Хаця з часам гэта тайнай не будзе. Такі пазіцыйны раён стварыць за кароткі прамежак часу або працяглы — ён тайнай не будзе. І я чытаю і ўсміхаюся — наколькі дурні. Многія людзі разумеюць і ведаюць, што гэта не так, ну толькі б ляпнуць у сродках масавай інфармацыі», — заявіў ён.
«Пра ракетабудаванне тут было сказана — нікуды не дзенемся: абароназдольнасць павінна быць. Штосьці мы ўжо навучыліся рабіць у ракетабудаванні. Вось мы кажам “Арэшнік”, “Арэшнік”. Я таксама яксьці ўвагі не звяртаў. Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін мне яксьці сказаў: “Ты хоць ведаеш, што “Арэшнік” — гэта вялікая палова беларускай вытворчасці?”. Госпад з табой, першы раз чую. Аказваецца, толькі ракета — складаная тэхнічная канструкцыя — гэта расійская вытворчасць, усё астатняе — беларускае», — сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў пра неабходнасць стварэння ўласнай ракетнай вытворчасці. На яго думку, стратэгічныя ракеты Беларусі не патрэбныя.
«Вось ён заступіў на баявое дзяжурства. Там не адна машына — не буду тут распавядаць, колькі і гэтак далей — машыназабеспячэнне і сама пускавая ўстаноўка — гэта беларускае вытворчасць. Але нам патрэбна ракета. Яна ёсць, гэтая ракета, у расіян.
Канечне, “Арэшнік” мы ствараць не будзем — вельмі дорага. Моглі б гэта рабіць з расіянамі — тым больш я сустракаўся і з канструктарамі, якія забяспечваюць у тым ліку і стратэгічны шчыт для Расійскай Федэрацыі. Нашы людзі, гаворым на адной мове, разумеем адзін аднаго. Адзін з іх, яшчэ ў савецкія часы ядзерны патэнцыял — называўся праект “Піянер” — гэта будаваў, і з тых часоў яму Беларусь падабаецца — ён з задавальненнем працуе і шмат дапамагаў вось гэты пазіцыйны раён стварыць для “Арэшніка”», — распавёў ён.