Аляксандр Лукашэнка чарговы раз назваў сябе сыходзячым, але заявіў, што не плануе ўсё кінуць заўтра. Пра гэта ён заявіў, даючы наказы новым генпракурору і старшыні Следчага камітэта.
«Я — чалавек сыходзячы. Хаця многія за гэта ўхапіліся: „Ах, сыходзячы!..“ Хтосьці перажывае, хтосьці радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы ўсё гэта кінем, і я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы або другі год працуе прэзідэнтам. Гэта гаворыць пра тое, што я буду свята выконваць правы і інтарэсы нашых людзей», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка пачаў казаць, што не трымаецца за ўладу «сінімі пальцамі», яшчэ да выбараў 2020 года. Ён перыядычна заводзіць размовы пра пераемнікаў і заяўляе, што не вечны і можа сысці, але, паводле яго слоў, яго ўгаворваюць пераабірацца.