Аляксандр Лукашэнка лічыць, што новая стратэгія ЗША — гэта сапраўдны падарунак для яго. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Грэце ван Сустэрэн для тэлеканала Newsmax. Лукашэнка таксама падкрэсліў, што быў прыхільнікам Дональда Трампа з самага пачатку.
«Ну, па-першае, даруйце за нясціпласць некаторую. Бо я быў адзіным прэзідэнтам, які не толькі падтрымліваў Трампа, калі ён вылучыў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты, але і адкрыта пра гэта казаў. За яго многія перажывалі, я думаю, але вось так адкрыта выступаць за Трампа, як гэта рабілі ў Беларусі, больш нідзе не было. На жаль, у Амерыцы гэтага не ведаюць, таму што Беларусь усё яшчэ ўзначальвае апошні дыктатар Еўропы, ці як вы мяне там называлі? Ну, хай сабе», — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што адміністрацыя Трампа прыслухоўваецца да яго парадаў.
«Па-другое, тое, што робіць цяпер Трамп, вельмі блізка да маёй пазіцыі і той палітыкі, якую мы праводзім у Беларусі. Хаця вось Джон (Коул, спецпасланнік Трампа — заўв. Reform.news) быў сведкам, я на першай сустрэчы выказаў яму пэўныя крытычныя заўвагі адносна палітыкі Трампа. І тое, пра што я папярэджваў амерыканцаў на сустрэчы са мной, — усё збылося. Таму я не сляпы прыхільнік Трампа, але заўсёды вітаў тое, што ён прыйдзе да ўлады», — працягнуў ён.
На думку Лукашэнкі, цяперашні прэзідэнт ЗША з’яўляецца моцнай асобай.
«Ён сябе паказаў бліскуча. Я назваў яго падчас выбарчай кампаніі бульдозерам. Ён прайшоў па краіне, як бульдозер, і перамог. Я не думаў, што ён так гучна пераможа ў Злучаных Штатах Амерыкі. Але ён перамог. Ён гэтую перамогу заслужыў. І нават Госпад яго пашкадаваў. Ён гэта прызнае. Таму з якога боку ні паглядзі — Трамп моцная фігура», — дадаў ён.
Лукашэнка таксама ацаніў нядаўна апублікаваную стратэгію нацыянальнай бяспекі ЗША. У ёй адраджаюцца прынцыпы дактрыны Манро XIX стагоддзя, калі ЗША пакідалі за сабой Заходняе паўшар’е, але не імкнуліся ўмешвацца ў еўрапейскія справы. Паводле Лукашэнкі, гэта «сапраўдны падарунак».
«Апошнія дакументы вашай краіны, асабліва знешнепалітычная дактрына, вельмі прыстойныя. Калі яна ажыццявіцца — гэта будзе падарунак для ўсяго свету.
У знешняй палітыцы, прынамсі, Трамп зрабіў нямала. Сем ці восем войнаў ён спыніў, ці канфліктаў — не так важна, але ён імкнецца да гэтага. І калі гэты канфлікт ва Украіне будзе спынены пры яго дапамозе, ён увойдзе ў гісторыю. І яму не патрэбная ніякая Нобелеўская прэмія. Ён увойдзе ў гісторыю як самы мірны прэзідэнт ЗША, чаго нельга сказаць пра іншых пасля Рузвельта.
Можна шмат добрага сказаць пра Трампа. Я не расчараваны, што яго падтрымліваў, асабліва на фоне той адміністрацыі, якая спрабавала прымусіць увесь свет сілай — эканамічнай і вайсковай. Трамп у гэтым адрозніваецца. Ён цяпер робіць усё правільна. І тое, што ён звярнуў увагу не толькі на знешнюю, але і на ўнутраную палітыку, унутраныя эканамічныя пытанні — гэта ў самае яблычка і вельмі правільна», — падсумаваў Лукашэнка.
Падчас інтэрв’ю Лукашэнку таксама папрасілі даць характарыстыку шэрагу сусветных лідараў. Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ён назваў адэкватным, але непрактычным у палітыцы чалавекам.
«Мне ён падаўся адэкватным чалавекам. Але непрактычным — гэта натуральна для пачаткоўца ў палітыцы. Што да асабістых якасцяў — я не настолькі з ім блізка знаёмы, як, напрыклад, з Пуціным або Сі Цзіньпінам», — адзначыў Лукашэнка.
Прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ён назваў нармальным чалавекам і «ваўкарэзам у палітыцы».
«Нармальны чалавек. Чалавечыя якасці ў яго вельмі добрыя. Але ў палітыцы — ваўкарэз. Ён вялікі чалавек у палітыцы, даўно кіруе такой вялікай краінай. Можна пазайздросціць яго жаданню і ўменню кіраваць дзяржавай і займацца і ўнутранай, і знешняй палітыкай. Ён моцны чалавек», — сказаў Лукашэнка.
Старшыню КНР Сі Цзіньпіна Лукашэнка ахарактарызаваў як разумнага, акуратнага і спакойнага чалавека, «як і ўсе кітайцы». Падобныя словы ён сказаў і пра кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына.
«Уражанне пра Кім Чэн Ына ў мяне складалася са СМІ. Але калі я з ім пагаварыў, убачыў абсалютна нармальнага чалавека, які разумее сваё месца ў свеце. Ён не фантом. Ён прыстойны, спакойны, сумленны чалавек. Так, сустрэча была кароткай, але ў мяне засталося такое ўражанне. Думаю, я не памыляюся. З ім можна дамовіцца», — падкрэсліў ён.