Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму вырашыў адкрыць украінцам доступ да беларускага прыгранічча для збору грыбоў і ягад. Ён лічыць, што гэта падтрымае ўкраінцаў, бо ім цяпер «складана і цяжка».
Паводле слоў Лукашэнкі, да вайны збор грыбоў і ягад у Беларусі дазваляў жыхарам украінскага прыгранічча добра зарабляць.
«Я зусім нядаўна даручыў, каб памежнікі разам з Гомельскай вобласцю, Брэсцкай адпрацавалі варыянты наведвання ўкраінцамі даўно вядомых ім месцаў. Што маецца на ўвазе.
Украінскае прыгранічча заўсёды прыходзіла да нас на тэрыторыю, збіралі грыбы, ягады. Па 5, па 6 тысяч долараў. Яшчэ да вайны. Яны зараблялі грошы для таго, каб пражыць. Што, лёгка было ва Украіне да вайны? Вельмі цяжка. Мы адкрывалі ім дарогу. Так было ў савецкія часы», — сказаў ён на сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці РФ Андрэем Вараб’ёвым.
Лукашэнка не бачыць небяспекі ў тым, што ўкраінцы будуць знаходзіцца ў беларускім прыграніччы, і паабяцаў пракантраляваць кожнага.
«Нават у гэтых умовах мы гатовыя адкрыць гэтыя ж пункты, каб прыйшлі да нас, як гэта было звычайна, — на балотах, усюды (яны ведаюць лепш за нас гэтыя месцы) — збіралі гэтыя дзікаросы і прадавалі. Мы ж разумеем, што там складана і цяжка.
Калі ўкраінскія ўлады (яны ж ім забараняюць, украінскія ўлады), калі яны адмовяцца ад гэтай палітыкі і дазволяць пераходзіць у Беларусь нарыхтоўваць грыбы, ягады, няхай нарыхтоўваюць і прадаюць. Мы гэтага не баімся. Мы зможам пракантраляваць кожнага чалавека, які перамесціцца сюды з добрымі намерамі», — заявіў ён.
Нагадаем, сёння Дзяржпамежкамітэт Беларусі абвясціў, што гатовы забяспечыць доступ жыхароў прыгранічных раёнаў Украіны ў заказнік «Альманскія балоты». МЗС Беларусі перадала Украіне адпаведную ноту.