Літоўскія памежнікі спынілі спробу 18 мігрантаў пранікнуць у Літву з боку Беларусі. Замежнікі скарысталіся падкопам, які быў зроблены пад памежнай агароджай. Выхад з тунэля, мяркуючы па здымках і відэа, знаходзіўся на літоўскім баку за кантрольна-следавай паласой.
Мігрантаў, якія выходзілі з лаза, заўважылі з дапамогай сродкаў відэаназірання. На іх затрыманне былі накіраваныя нарады з цеплавізарамі і падтрымкай кінолагаў.
17 затрыманых назваліся грамадзянамі Афганістана, пры гэтым толькі трое з іх мелі дакументы. Яшчэ адзін чалавек прадставіўся грамадзянінам Шры-Ланкі. Дакументаў у яго не было. Усіх замежнікаў вырашана выслаць у Беларусь.
Літоўскія памежнікі таксама спынілі аўтамабіль Audi A6 з літоўскімі нумарамі, у якім знаходзіліся двое грамадзян Украіны. Паводле версіі памежнай службы, яны прыехалі забіраць мігрантаў. Украінцаў затрымалі. Пачата дасудовае расследаванне.
Гэта ўжо другі выпадак выяўлення падкопу. Папярэдні раз замежнікі спрабавалі прабрацца праз мяжу з дапамогай тунэля 6 красавіка ў Віленскім раёне. На гэты раз падкоп быў зроблены ў Варэнскім раёне.

