Лецішча завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча прадалі з аўкцыёну з пятай спробы.
Аўкцыён адбыўся 23 чэрвеня. За лот змагаліся два ўдзельнікі. Пераможца заплаціў 3,242 тысячы рублёў.
Лецішча — будынак сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна — упершыню выставілі на аўкцыён у лістападзе 2025 года. Першапачатковая цана склала 8,4 тысячы рублёў. На наступных таргах цана зніжалася.
«Я даўно паставіў крыж на сваёй маёмасці ў Беларусі. Будынак таго клуба сам па сабе нічога не варты, але ён знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, на беразе Нёмана. Хто мог яго набыць, не ведаю — магчыма, нават нехта з Расіі, бо грамадзяне гэтай краіны часта скупляюць у Беларусі нерухомасць у прывабных месцах», — заявіў Хільмановіч БАЖ.
На аўкцыён таксама выстаўлена кватэра Хільмановіча ў Гродне. Таргі па ёй пройдуць 30 чэрвеня.
Уладзіміра Хільмановіча завочна прысудзілі да 5 гадоў калоніі па артыкулах аб садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (частка 1 артыкула 361-4 КК РБ) і ўдзеле ў «экстрэмісцкім» фармаванні (частка 3 артыкула 361-1 КК РБ). Акрамя завочнага тэрміну, Хільмановіч атрымаў штраф — 1000 базавых велічынь. Для яго выплаты суд пастанавіў выставіць на аўкцыён нерухомасць журналіста.