Намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу ліст, да якога прыкладзены даклад НАУ, прысвечаны сістэмнай падрыхтоўцы Аляксандрам Лукашэнкам Беларусі да вайны.
Як паведамілі ў АПК, ліст быў накіраваны ў развіццё дамоўленасцяў з Кіевам. Даклад налічвае 30 старонак. Ён фіксуе поўную трансфармацыю Беларусі ў ваенны плацдарм РФ.
У дакладзе звяртаецца ўвага на змены ў заканадаўстве, пачынаючы ад абноўленай Канстытуцыі, пасля якой Беларусь перастала быць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай. Таксама новая Ваенная дактрына ўтрымлівае палажэнні аб прэвентыўных ударах і адпраўцы беларускай арміі за мяжу.
У дакладзе таксама змяшчаюцца звесткі пра рост колькасці кантрактнікаў у беларускай арміі ў 1,5 раза з 2022 года. Мабілізацыйны рэзерв ацэньваецца ў 289 тыс. чалавек. Таксама ў Беларусі ствараецца Паўднёвае аператыўнае камандаванне з колькасцю войскаў да 80 тыс. чалавек. Пераймаецца расійскі досвед СМС-павестак.
За чатыры гады абаронныя выдаткі беларускага бюджэту выраслі ў 5 разоў. ВПК Беларусі цалкам інтэграваны з расійскім. За 2024 год на ўзбраенне прынята больш за 4 тыс. новых адзінак тэхнікі.
У Беларусі размяшчаюцца расійскія войскі, тактычная ядзерная зброя і «Арэшнік». Беларускіх вайскоўцаў навучаюць інструктары «Вагнера».
Уздоўж межаў з Польшчай, Літвой і Украінай будуюцца лініі абароны, інфраструктура пры гэтым мадэрнізуецца пад цяжкую тэхніку РФ.
У школах актыўна ўкараняецца вайсковая падрыхтоўка.
Мінздароўя зацвердзіла інструкцыі для сартавання параненых ва ўмовах ваеннага часу.
У Мінску праведзена рэвізія 5 тыс. бамбасховішчаў, рэгулярна тэстуюцца сістэмы апавяшчэння. На раённым узроўні закупляюцца бронекамізэлькі для апалчэння.
Таксама вядзецца назапашванне стратэгічных рэсурсаў. Абавязковыя рэзервы нафтапрадуктаў павялічаны ўдвая да 30 дзён захоўвання. Мінабароны пашырыла пералік грамадзянскай тэхнікі, якая падлягае мабілізацыі.
У 2026 годзе працягваецца практыка пастаянных вайсковых вучэнняў. Гэта выкарыстоўваецца для схаванай верыфікацыі мабілізацыйных спісаў і падтрымання высокага ўзроўню напружання ў грамадстве.
Даклад таксама змяшчае канкрэтныя рэкамендацыі па прадухіленні найгоршага сцэнару і стрымліванні агрэсіўных амбіцый Лукашэнкі.