Пастаўкі беларускага калію ў КНР выраслі па выніках студзеня—мая. На гэта ўказваюць даныя мытнай статыстыкі Кітая за пяць месяцаў. КНР у маі значна нарасціла імпарт калійных угнаенняў, акрамя таго, адзначаецца далейшы рост цэн.
У цэлым Кітай у студзені—маі імпартаваў 7,42 млн т калійных угнаенняў, што на 31,8% больш, чым летась за той жа перыяд. У вартасным выражэнні імпарт вырас на 66,9% да 2,68 млрд долараў.
У маі КНР закупіла 1,61 млн т калійных угнаенняў, што перавышае паказчык леташняга мая на 65,8%. Пры гэтым у вартасным выражэнні імпарт вырас удвая да 585,1 млн долараў. У параўнанні з красавіком гэтага года аб’ёмы паставак выраслі.
Імпарт калійных угнаенняў з Беларусі ў студзені—маі склаў 632,6 млн долараў, або на 85,5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пастаўкі павялічыліся таксама і з іншых краін: з Расіі — на 44% да 855,5 млн долараў, з Канады — на 79,1% да 474,3 млн долараў, з Лаоса — на 88,1% да 429,5 млн долараў, з Ізраіля — на 27,9% да 118,5 млн долараў.
У маі з Беларусі кітайскія пакупнікі імпартавалі калійных угнаенняў на 94,7 млн долараў, што амаль у тры разы больш, чым летась.
Паводле даных кітайскай мытнай статыстыкі, агульны кошт імпарту тавараў з Беларусі ў студзені—маі вырас на 25,2% да 956,9 млн долараў.