Следчыя ў рамках расследавання ўдару беспілотніка па беларускім аўтобусе ў Бранскай вобласці апыталі ўсіх сведкаў. Ёсць высновы, пра якія будзе даложана Лукашэнку. Пра гэта сёння заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
«Не важна, чый гэта аўтобус — беларускі, расійскі ці нейкай іншай дзяржавы. Гэта аўтобус з мірнымі жыхарамі. Але той, хто здзейсніў гэты ўдар, спрабаваў стварыць падставу для таго, каб сутыкнуць Беларусь з Украінай, справакаваць нейкую дрэнную сітуацыю», — цытуе Вальфовіча БелТА.
Паводле яго слоў, вядзецца расследаванне.
«Нашы спецслужбы, Следчы камітэт праводзяць самае дбайнае расследаванне. Усе факты будуць прааналізаваныя. Ужо апытаныя ўсе сведкі і тыя, хто быў у аўтобусе. Ёсць ужо пэўныя, скажам так, моманты, пра якія будзе даложана кіраўніку дзяржавы. Рашэнне будзе прынята. Але ўцягнуць Беларусь у канфлікт не атрымаецца. Мы за мір, разважлівасць, за вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным шляхам», — дадаў ён.