Белстат апублікаваў вынікі выбарачнага абследавання фізічных асоб у аўтадарожных пунктах пропуску. Яно праводзілася 11 красавіка. На мяжы распаўсюдзілі 2621 анкету, былі запоўнены 1748 анкет.
Як расказалі ў Белстаце, 49,8% рэспандэнтаў былі нерэзідэнтамі.
43,3% рэспандэнтаў адлюстравалі ў анкетах увоз тавараў, а 42,5% — вываз тавараў.
Увоз тавараў ажыццяўляўся пераважна з Польшчы (71% ад агульнага кошту тавараў) і Літвы (21,1%).
«Асноўнымі відамі ўвозімых тавараў былі камп’ютарная тэхніка і сродкі сувязі (увезена ў сярэднім на 631 долар ЗША на аднаго чалавека, які ўказаў факт увозу і кошт гэтага віду тавару), аўтазапчасткі (258 долараў), электрычная бытавая тэхніка (218 долараў), сантэхніка (161 долар), электраінструмент, бензапілы (126 долараў), абутак (90 долараў), адзенне (86 долараў), прадукты харчавання (48 долараў)», — расказалі ў Белстаце.
Вывозілі тавары з Беларусі ў асноўным у Польшчу (48,9% ад агульнага кошту вывезеных тавараў) і Латвію (28,3%).
«Асноўнымі відамі вывозімых тавараў былі камп’ютарная тэхніка і сродкі сувязі (вывезена ў сярэднім на 555 долараў на аднаго чалавека, які ўказаў факт вывазу і кошт гэтага віду тавару), электрычная бытавая тэхніка (147 долараў), адзенне (73 долары), абутак (62 долары), бензін, дызельнае паліва (57 долараў), прадукты харчавання (39 долараў)», — дадалі ў статыстычным камітэце.
Асноўнымі мэтамі паездак грамадзян Беларусі за межы краіны былі наведванне родных і блізкіх (33,8% ад агульнай колькасці запоўненых анкет), працаўладкаванне (28,4%), адпачынак, лячэнне, экскурсія, паломніцтва (рэлігія) (17,8%). Для нерэзідэнтаў, якія ўязджалі ў нашу краіну, асноўнымі мэтамі сталі наведванне родных і блізкіх (67,8%) і транзітны праезд (14,1%).