Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч абмеркаваў сітуацыю з бяспекай у рэгіёне з паслом Чэхіі ў Літве Алешам Опатам.
Кандратовіч адзначыў, што Літва сутыкаецца з парушэннем паветранай прасторы з выкарыстаннем паветраных шароў, што стварае пагрозу грамадзянскай авіяцыі. Таксама застаецца праблема нелегальнай міграцыі. У 2024 годзе літоўскія памежнікі спынілі 1002 спробы нелегальнага перасячэння беларуска-літоўскай мяжы, у 2025 годзе — 1652.
Кіраўнік літоўскага МУС падкрэсліў, што Літва гатовая ўзмацніць ахову мяжы і прыняць дадатковыя меры, паведамляе прэс-служба літоўскага МУС.
«Сутыкаючыся з варожымі і агрэсіўнымі суседзямі, мы не бачым ніякіх перадумоў для змякчэння прымяняльных мер — наадварот, мы будзем узмацняць ахову знешняй мяжы і пры неабходнасці прымаць дадатковыя крокі», — заявіў Кандратовіч.
Дзякуючы мерам, прынятым Літвой, частка міграцыйных патокаў была перанакіраваная ў суседнія краіны. У 2025 годзе другасная міграцыя з Латвіі ў Літву вырасла на 138% у параўнанні з 2024 годам.
Кандратовіч і Опата абмеркавалі іншыя гібрыдныя пагрозы, што зыходзяць ад Беларусі і Расіі: прапаганду, дэзінфармацыю, шкоднасныя дзеянні і правакацыі. Міністр лічыць, што Мінск і Масква выкарыстоўваюць Літву як выпрабавальны палігон.
«Гэтыя падзеі паказваюць, што маштаб гібрыдных пагроз расце і становіцца ўсё больш небяспечным. Мы бачым, што наш рэгіён выкарыстоўваецца як свайго роду “выпрабавальны палігон”, а затым падобныя дзеянні могуць паўтарацца і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах», — заявіў Кандратовіч.
Ён падкрэсліў, што ў гэтых умовах важнае адзінства ўсіх краін Еўрасаюза і выпрацоўка адзінага адказу.
