Міністэрства ўнутраных спраў абнавіла пералік “экстрэмісцкіх фарміраванняў”. У яго дададзены Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у якасці “экстрэмісцкай арганізацыі”. Нагадаем, рашэнне аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” прыняў Вярхоўны суд тыдзень таму.
У пералік таксама ўнесены рашэнні КДБ ад 16 красавіка. Дадзенымі рашэннямі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” прызнаны выбарчыя спісы на выбарах у Каардынацыйную раду.
У пералік унесены:
- «Ваш Голас»,
- «Наступ»,
- «Хопіць баяцца» / «Хватит бояться»,
- «Аб’яднаная грамадзянская платформа» і/або «Объединенная гражданская платформа»,
- «Рух Воля»,
- «Блок беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня».
Для кожнага з “фарміраванняў” пазначаны спісы ўдзельнікаў, якія адпавядаюць апублікаваным выбарчым спісам, а таксама розныя інтэрнэт-рэсурсы пры наяўнасці такіх у спісаў. Нагадаем, нядаўна “экстрэмісцкім фарміраваннем” прызналі платформу “Тры сланы”, на якой размяшчаецца інфармацыя пра выбары ў КР.
Трэба адзначыць, што КДБ таксама прызнаваў “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” выбарчыя спісы на выбарах у КР у 2024 годзе. Пакуль у пералік уключаны не ўсе ўдзельнікі выбараў 2026 года, магчыма, рашэнні яшчэ не прыняты, альбо камітэту дастаткова таго, што спісы пад тымі ж назвамі былі прызнаны “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” два гады таму. Рашэнні 16 красавіка прымаліся ў асноўным у дачыненні да новых удзельнікаў выбараў, альбо тых, чые назвы змяніліся ў параўнанні з мінулай кампаніяй.
Нагадаем, беларускія ўлады паслядоўна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для пераследу апанентаў і іншадумства ў цэлым.
