Вярнуць Беларусь у агульнаеўрапейскую архітэктуру бяспекі было б танней, чым пакідаць краіны-суседзі сам-насам з праблемамі, якія яны адчуваюць з-за Мінска. Пра гэта на форуме «Шлях да свабоды» ў Кіеве заявіў прадстаўнік АПК па пытаннях абароны і нацбяспекі Вадзім Кабанчук.
«Я не разумею, чаму гэты працэс не актывізуецца, бо з эканамічнага і ваеннага пункту гледжання ўсім было б танней і прасцей паспрабаваць вярнуць Беларусь у агульнаеўрапейскую архітэктуру бяспекі, чым пакінуць кожную краіну сам-насам са сваімі выклікамі ўздоўж усёй мяжы Беларусі, якая складае 2300 км з заходнімі краінамі і Украінай», – сказаў ён, паведамілі ў АПК.
На думку Кабанчука, магчымы больш сур’ёзны крызіс, у якім Беларусь таксама прыме ўдзел.
«На мой погляд, горшы варыянт — гэта калі Беларусь, вядома, паводле планаў Крамля, апынецца ўцягнутай у канфлікт, падобны да таго, што мы ўпершыню ўбачылі на Данбасе, і тады ён перарасце ў поўнамаштабную вайну. Гэта найгоршы варыянт. Мы павінны быць гатовы зрабіць усё магчымае ўжо цяпер, каб Беларусь, яе грамадзянскія і сілавыя структуры, не апынуліся ўцягнутыя ў такі сцэнар. А калі гэта адбудзецца, мы павінны як мага хутчэй вывесці Беларусь са стану фактычнай вайны. Бо першыя дзве-тры тыдні будуць вырашальнымі», — сказаў ён.
Паводле слоў Кабанчука, беларуская армія налічвае 65 тыс. чалавек, а за месяц яе колькасць можна павялічыць да 130 тыс. чалавек. Таксама дадатковы рэсурс уяўляюць унутраныя войскі і расійскія вайскоўцы, якія знаходзяцца ў Беларусі.
«Зараз неабходна ўключыць міжнародную каардынацыю, асабліва паміж краінамі Усходняй Еўропы, якія ў поўнай меры разумеюць небяспеку сцэнару ўцягвання Беларусі ў вайну. І беларускія дэмакратычныя сілы павінны заняць больш актыўную пазіцыю», — падкрэсліў Вадзім Кабанчук.
«Справа нацыянальнага вызвалення – гэта, перш за ўсё, справа саміх беларусаў. Наш бліжэйшы саюзнік – Украіна», – дадаў ён.
