Вярхоўны суд РФ прызнаў «Кіберпартызанаў» экстрэмісцкай арганізацыяй

Галоўнае
Иллюстрация: Киберпартизаны.

Беларуская група хактывістаў «Кіберпартызаны», а таксама група Silent Crow прызнаныя Вярхоўным судом Расіі экстрэмісцкімі арганізацыямі.

«Вярхоўны суд Расіі пастанавіў адміністрацыйную іскавую заяву аб прызнанні хакерскіх груповак “Кіберпартызаны BY” (“Кіберпартызаны”, Cyberpartizans) і Silent Crow (“Маўклівы крумкач”) экстрэмісцкімі арганізацыямі і забароне іх дзейнасці на тэрыторыі РФ задаволіць», — гаворыцца ў рашэнні суда.

Справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэнні.

Паводле версіі расійскага боку, яны датычныя да кібератак на крытычную інфраструктуру і дзяржаўныя ўстановы РФ. У чэрвені 2025 года «Кіберпартызаны» і Silent Crow правялі атаку на расійскую авіякампанію «Аэрафлот», у выніку якой была скампраметаваная і знішчаная ўнутраная IT-інфраструктура кампаніі. «Аэрафлот» быў вымушаны адмяніць частку рэйсаў. Генпракуратура РФ распачала крымінальную справу паводле артыкула аб неправамерным доступе да камп’ютарнай інфармацыі. Таксама «Кіберпартызаны» неаднаразова атакавалі сайты беларускіх дзяржаўных устаноў і дзяржаўных кампаній, у тым ліку атрымаўшы доступ да важных даных.

У Беларусі яшчэ ў 2021 годзе Вярхоўны суд прызнаў тэрарыстычнай нефармальную арганізацыю «Супраціў» і ініцыятывы, якія ўваходзяць у яе склад: «Кіберпартызаны», «Дружыны народнай самаабароны — ДНС», «Буслы ляцяць».

У абгрунтаванні свайго рашэння Вярхоўны суд якраз спаслаўся на беларускі прэцэдэнт.

«Судам устаноўлена, што аб’яднанне “Кіберпартызаны BY” (“Кібер-Партызаны”, Cyberpartizans) уваходзіць у нефармальную арганізацыю “Супраціў” (“Супраціў”), асноўнай мэтай якой з’яўляецца гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. “Супраціў” супрацоўнічае з тэрарыстычным “Палком імя Кастуся Каліноўскага”, які ажыццяўляе вярбоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны супраць Узброеных сіл РФ. Таксама “Кібер-Партызаны” афіляваныя з падраздзяленнем інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Узброеных сіл Украіны», — цытуе рашэнне суда ТАСС.

Нагадаем, у Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме часта выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі Лукашэнкі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.