Урад Японіі прыняў рашэнне аслабіць абмежаванні на экспарт ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў. Пра гэта паведамляе Kyodo. Адпаведныя змены таксама ўхвалены Саветам нацыянальнай бяспекі.
Агенцтва адзначае, што рашэнне азначае значны зрух у абароннай палітыцы краіны, якая пасля Другой сусветнай вайны выступала як мірная нацыя.
Унесеныя змены адмяняюць правілы, якія абмяжоўвалі экспарт пяццю неваеннымі катэгорыямі: выратавальныя, транспартныя, папераджальныя, разведвальныя сродкі і сродкі для размініравання. Забарона на экспарт у краіны, якія знаходзяцца ў стане канфлікту, захоўваецца, але дапускаюцца выключэнні ў асаблівых абставінах.
Новая палітыка Японіі прадугледжвае падзел абароннага экспарту на смяротныя і несмяротныя сродкі. Экспарт такіх тавараў як радыёлакацыйныя сістэмы папярэджання і кіравання не будзе абмяжоўвацца, а пастаўкі ўзбраенняў будуць магчымыя ў адрас краін, якія маюць з Японіяй пагадненні аб абароне сакрэтнай інфармацыі, што датычыцца абароннай тэхнікі і тэхналогій. Зараз такіх дзяржаў налічваецца 17, уключаючы ЗША і Вялікабрытанію.
