Фіналісты прэміі Гедройця. Аляксандр Лукашук — пра кнігу «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» і звышжурналістыку

Артыкулы
Праект Reform.news

«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам пісьменнікаў пачынае серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды. У межах праекта плануецца шэсць тэкстаў пра кнігі з кароткага спісу. Нагадаем, што пераможцы прэміі будуць вызначаны 15 лістапада.

Першы наш аўтар – Аляксандр Лукашук, які трапіў у шорт-ліст з кнігай, у якой апісвае сваю працу на “Радыё Свабода”. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выйшла ў пражскім выдавецтве «Вясна».

«Трыццаць год на Свабодзе аўтар адчувае як адзін дзень», – піша Аляксандр Лукашук у анатацыі да кнігі. І сапраўды, успаміны пра працу на “Радыё Свабода” – не паслядоўнае апісанне, а нешта іншае – шчыльны згустак сэнсаў, сканцэнтраваны досвед і не разблытаны да канца клубок падзей, у які ўплялі свае ніці час, лёс, палітычныя варункі і жыццёвыя абставіны. Не храналогія рухае гэтым сюжэтам, а, як кажа сам спадар Аляксандр, амбіцыя і эмоцыя.

Напісаны за тры месяцы тэкст адначасова рытмічны, як біццё сэрца і парадаксальна нервовы, як няроўнае дыханне. Аўтар раскрывае механізмы працы, прыадчыняе ўнутраную камунікацыю, расказвае, як прымаліся складаныя рашэнні. І хоць развагі пра прафесію, вартасці і небяспечныя яе бакі займаюць ладны кавалак гэтага тэксту, «Там, дзе няма цемнаты» – не даведнік па журналістыцы, а хутчэй споведзь. «Гэта кніга пісалася не як гісторыя Беларусі ці незалежнай журналістыкі, нават не як гісторыя радыё, але як гісторыя самога сябе», – адказвае Аляксандр Лукашук на адно з пытанняў нашага інтэрв’ю.

Пагаварылі з Аляксандрам Лукашуком пра чытачоў, журналісцкую місію і звышлітаратуру.

Аляксандр Лукашук – беларускі журналіст, публіцыст і перакладчык. У 1990-1992 гадах быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1993 года працаваў на “Радыё Свабода”, з 1999 года быў дырэктарам Беларускай службы РС. У 2004-2005 гадах быў дырэктарам Радыё «Свабодны Афганістан», у 2007-2008 гадах выконваў абавязкі галоўнага рэдактара “Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа”.

Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», у 1990-1995 гадах — сябра Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсій. Аўтар кніг «Здзек», «Філістовіч. Вяртанне нацыяналіста», «За кіпучай чэкісцкай работай», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «Прыгоды АРА ў Беларусі», «След матылька: Освальд у Менску», «Зкімбы-зымбы», «Вянок Свабоды». Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.

Фіналісты прэміі Гедройця. Аляксандр Лукашук — пра кнігу «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» і звышжурналістыку
Аляксандр Лукашук.

«Мы твае вусны і словы»

– «Там, дзе няма цемнаты»… Чаму вы выбралі гэтыя радкі? Якая гісторыя за гэтай песняй? Якія падзеі выклікалі яе напісанне? Можа, з нейкай нагоды вам прысвяцілі гэтую кампазіцыю?

– Рок-балада «Радыё Свабода» гурта «Ўліс» з гэтым радком упершыню прагучала ў 1990 годзе – якраз тады, калі на Свабодзе пачаў рэгулярна выступаць я сам.

Радыё Свабода,

Мы твае вусны і словы.

Ці павінен я быць шчырым?

Там, дзе няма цемнаты,

Слухаюць нас.

Але гэты адрас без цемнаты я ведаў раней, гэта цытата з рамана Джорджа Оруэла «1984», аднаго з маіх любімых. Там герой увесь час яе чуе, марыць, яму абяцаюць, і ў рэшце ён там апынаецца – і аказваецца, што гэта камера, дзе ніколі не выключаецца святло. Як сёння ў беларускіх турмах, шыза. Спосаб катавання.

Аўтар словаў балады «Радыё Свабода» Фелікс Аксёнцаў адчуў гэтую дыхатамію і ўзяўся праясніць яе, выправіць у бок святла. І атрымалася геніяльная песня, дыялог з Оруэлам гамлетаўскага гучання.

– У анатацыі вы пазначаеце, што кніга пабудавана не паводле храналогіі. Што тады кіравала вашым тэкстам? Там можна прасачыць сетку – пятніцы ці змена дырэктараў, пэўны каркас кампазіцыі кнігі даў 2020 год – як кропка, на якой усё сышлося. То-бок як гэта пісалася: паслядоўна сюжэт за сюжэтам, ці вы ад пачатку кіраваліся пэўнай логікай у стварэнні гэтай кнігі, у выбудоўванні яе структуры?

– Храналогія толькі адна з сілавых ліній аповеду, і не самая важная, хоць і дакладная, як і належыць жанру нон-фікшн.

Вы слушна вылучаеце пятніцы як дамінанту і лейтматыў, іх сапраўды сем дзясяткаў, і падзеі адбіваюцца ў іх люстэрку, але гэта ўзор, як сказаў бы Набокаў, арнамент, а не структура. Яны самі магічна сталі праяўляцца ў той амбіцыі і эмоцыі, якая рухала аповед: шчасця, страты, пераадолення, паразы, радасці, слёз.

Цытата з кнігі:

«Дылема кампрамісу ўбудаваная ў любую арганізацыю, якая працуе на тэрыторыі несвабоды. Калі ў вас інфраструктура, людзі, сем’і, заўсёды ёсьць на што націснуць. Але гэта звычайная сытуацыя для незалежнай журналістыкі ў аўтакратыях (пры таталітарызьме журналістыкі не бывае, бо халуйства не прафэсія).

Вядомы амэрыканскі інтэлектуал Тымаці Снайдэр, аўтар кнігі «Пра тыранію: Дваццаць урокаў дваццатага стагодзьдзя» першым урокам ставіць напамінак не саступаць загадзя, апошнім — патрабаваньне трымацца да ўпору.

Так імкнулася паводзіцца незалежная беларуская журналістыка. Не заўсёды хапала прафэсіяналізму, ніколі не хапала кіслароду, але немагчыма было не захапляцца штодзённым гераізмам рэпартэраў, рэдактараў, фота- і відэаапэратараў, кіраўнікоў незалежных СМІ ў сталіцы і асабліва ў рэгіёнах.

Нават калі быў мір, яны былі на вайне».

«Свабода – гэта не я, канечне, але і я – Свабода»

– Што да ідэі кнігі… Відавочна, што напісаўся кавалак сучаснай гісторыі Беларусі. Гэта таму, што гісторыя “Свабоды” так шчыльна з ёй пераплецена? Ці вы ставілі такую мэту? То-бок якая ваша галоўная матывацыя, каб напісаць кнігу?

– Неяк сацыёлагі рабілі даследаванне, як слухачы ў Беларусі ўяўляюць “Свабоду”. У выніку намалявалі партрэт мужчыны пэўнага ўзросту, адукацыі, інтарэсаў, перакананняў, уменняў, жаданняў – і я ахнуў як перад нечаканым люстэркам. “Свабода” – гэта не я, канечне, але і я – “Свабода”. Гэта кніга пісалася не як гісторыя Беларусі ці незалежнай журналістыкі, нават не як гісторыя радыё, але як гісторыя самога сябе.

– У крытычныя моманты «Свабода» працавала нон-стоп. Як бы вы вызначалі сімвалічнае месца «Свабоды» ў гісторыі Беларусі?

– Я думаю, усё ўжо праспяваў «Уліс». Фелікс Аксёнцаў, які называў сваёй рэлігіяй рок-н-рол, казаў пра “Свабоду” такое, што існуе па-за журналістыкай, у сферы веры: «Радыё Свабода» — тое ж, што ў іншых светапоглядах «благадаць», «нірвана», «Дух Святы» ці «сусветны розум». Чалавек як увасабленне Свабоды Выбару. Таму — хвалі радыё, таму — «вусны і словы» адвечнага. Тыя вусны і словы, што былі нам дадзеныя рок-н-ролам. Словы «слухаюць нас», «ведаюць нас» — тут набываюць адценне «сапраўды ведаюць», «сапраўды слухаюць» па-за сусветам «1984».

Я магу тут толькі дадаць, што не веру, што сапраўды. Мне не трэба верыць, бо я ведаю.

Цытата з кнігі:

«Калі на тым сьвеце сьвяты Пётра спытае, чым я найбольш ганаруся са зробленага на Свабодзе, я ня стану гаварыць пра дзясятак сваіх кніг і сотню выданьняў нашай «Бібліятэкі», пасады, узнагароды і рэкорды, а папрашу паказаць кароткае відэа.

Летам 2020 году нашая здымачная група ў Менску паехала да будынку дзяржаўнага тэлебачаньня, дзе сотні людзей пратэставалі супраць цэнзуры і выбарчай хлусьні на экранах.

Калі пабачылі нашых журналістаў і фірмовы знак Свабоды — аранжавую паходню, яны раптам пачалі скандаваць: «Радыё Свабода! Радыё Свабода! Радыё Свабода!..» Дваццаці-трыццацігадовыя, прыгожыя, сьмелыя, шчасьлівыя, вясёлыя, яны былі Беларусьсю будучага. Мае калегі, нашая праца былі будучыняй.

Не магу глядзець гэтае відэа бязь сьлёз. Прабачце».

«Мы апыналіся на адной хвалі з мільённай аўдыторыяй»

– У кнізе ёсць мноства гісторый пра слухачоў, ад капітана дальняга плавання, які ловіць перадачы ў далёкім моры і наракае на дрэнны прыём, да драматычнага сюжэту пра інжынера метрапалітэна, якога шукае КДБ за кантакт са “Свабодай”. Як бы вызначылі сваю мэтавую аўдыторыю?

– У мяне было тры начальнікі, для якіх я працаваў як дырэктар. Першы – непасрэднае вышэйстаячае начальства, другі – мае калегі, падначаленыя, якім я мусіў дапамагаць, накіроўваць, забяспечваць умовы працы і росту, і трэці – аўдыторыя. Трэці – самы галоўны. Думаю, што менавіта гэты начальнік дапамог мне ўсталяваць рэкорд доўгажыхарства ўсяго амерыканскага замежнага вяшчання, 25 год на пасадзе дырэктара (пры мне змянілася восем дырэктараў Рускай службы, шэсць Украінскай), з гэтым начальнікам мы ўсталявалі гістарычны рэкорд памеру аўдыторыі (гэта адбылося, калі я быў дырэктарам Афганскай службы – 75,3% афганцаў слухалі “Свабоду”), ад гэтага начальніка я атрымліваў самыя рэзкія вывалачкі і самыя прыемныя ўзнагароды.

– Напрыклад?

– У «Бібліятэцы Свабоды» выйшлі дзве кнігі такіх прыкладаў – «Лісты на Свабоду» і «Лісты пра Свабоду», яны ёсць у сеціве. Прывяду два водгукі, не ведаю нават, які паставіць на першае месца:

«…я ўкраінец, але дзякуючы Беларускай Свабодзе, слухаючы вас, вывучыў беларускую мову. Вашыя перадачы мне вельмі падабаюцца, яны надзвычай цікавыя. Нават цікавейшыя за футбольны чэмпіянат сьвету. Таму я нават падчас сусьветнага футбольнага першынства слухаў вас штодня і ўвечары, і раніцай» (Ігар Земляны, Днепрапятроўская вобласьць).

Так мы перамаглі футбол, а вось тут узьняліся да самага ўсенароднага занятку:

«…слухаць вас гэта ўсё роўна што пасьля лазьні выпіць кілішак гарэлкі: і сьветла, і весела, і радасна» (Васіль З., Маладэчна).

Ёсць адны вельмі дарагія для мяне словы, якія па-за гэтымі кнігамі. Васіль Быкаў быў сябрам рэдакцыі, сталым аўтарам і слухачом, самы вялікі запіс яго голасу, шэсць гадзінаў, быў зроблены ў радыёстудыі ў Празе. Мы выдалі кнігу «Быкаў на Свабодзе», і яе адкрывалі яго словы: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычкай і патрэбай душы». Наша Нобелеўская прэмія.

– Галоўная мэта “Свабоды” – пішаце вы ў кнізе – стаць непатрэбнай, закрыцца… А якім вы бачыце лёс рэдакцыі, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя? Куды падзенуцца шматлікія паралельныя праекты?

– Бачыце, гэтая будучыня ўжо прыйшла, толькі, як бывае, яна аказалася з адваротным знакам.

Паэт Уістэн Хью Одэн у вершы «Памяці Йетса» піша пра смерць як ператварэнне героя ў навакольны свет, ён становіцца тым, што бачыў, пра што пісаў. Для “Радыё Свабода” гэта азначае растварыцца ў Беларусі.

Калі канкрэтна – лепшыя практыкі “Свабоды” даўно адаптаваныя і развітыя незалежнымі СМІ, у журналістыцы гэта нармальная з’ява – браць, пазычаць, удасканальваць, канкураваць на адным полі, вучыцца адно ў аднаго.

Нашы вялікія праекты жывуць – кніжкі чытаюць, перавыдаюць, ставяць па іх тэатральныя пастаноўкі, студэнты пішуць дыпломы, гісторыкі вывучаюць, сацыёлагі аналізуюць, палітыкі цытуюць. Гэта ўжо тканіна культуры.

Цытата з кнігі:

«Музыка Міколы Равенскага на верш Канстанцыі Буйло была геніяльным выбарам сыгналу радыёстанцыі. Гэты скачок на актаву, ад «до» да «до», як самалёт, які вырываецца з аблокаў і пераносіць у сьвет празрыстай чысьціні і бясконцага блакітнага небакраю.

Бясконцы край — супярэчлівая мэтафара, як і вызначэньне посьпеху. Галоўная мэта Радыё Свабода — змоўкнуць. Працаваць так, каб стаць непатрэбным, закрыцца. Сурагатнае вяшчаньне мусіць завяршыцца, калі выкананая яго місія — у краіне вяшчаньня запанавала свабода прэсы. На пачатку 1990-х закрыліся польская, вугорская і румынская службы, на пачатку нулявых на маіх вачах адбывалася разьвітаньне з баўгарскай, славацкай, літоўскай, латыскай, эстонскай рэдакцыямі.

Аднак за апошнія тры гады вярнуліся тры службы: румынская, баўгарская і вугорская, у інтэрнэце. Ці варта, чаму гэтыя краіны, а ня іншыя, ці вернуцца астатнія закрытыя службы, ці зьявяцца новыя — гэта палітычныя пытаньні і палітычныя рашэньні. Лёгіку шукаць марна, як марна лічыць чужыя грошы ці судзіць чужую любоў».

 

– У шасцёрку шорт-лістараў патрапіла дзве кнігі ў жанры нон-фікшн, дакладней аўтафікшн. Мінулы Гедройць таксама выйграла кніга нон-фікшн. Як вы мяркуеце, чаму цяпер час такіх кніг? Бо гэта, відавочна, не мода пасля Алексіевіч.

– Творчасць Святланы Алексіевіч, безумоўна, уплывае на разуменне, што нон-фікшн таксама нобелеўскі матэрыял, як паэзія, драматургія, мастацкая проза. На маёй памяці гэта першы сфармуляваў геніяльны Алесь Адамовіч са сваёй формулай «звышлітаратуры». У яго быў досвед працы над кнігай успамінаў «Я з вогненнай вёскі», і потым ён развіў яго ў жанр прыдуманага дакумента. Феномен Алексіевіч нарадзіўся не на пустым месцы, на пустым месцы нараджаецца толькі пустата.

Калі глянуць шырэй, дык можна сказаць, што калі паэма становіцца маршрутнай картай археалогіі, гэта не фікшн – як стала, напрыклад, з «Іліядай» Гамера, якая прывяла Генрыха Шлімана да Троі.

Я магу толькі дадаць, што ў 2020-м мы назіралі феномен нараджэння «звышжурналістыкі» – прынамсі, я так адчуваў працу “Свабоды” ў той час, калі прастора і час знікалі і мы апыналіся на адной хвалі з мільённай аўдыторыяй.

Звышжурналістыка мае адну ўнікальную характарыстыку – гэта рэпартаж не з месца падзеяў, а з будучыні, дзе няма цемнаты. У 2020-м Беларусь была будучыняй. І яна называлася свабода.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны