У дачыненні да экс-палітвязынкі Вікторыі Кульшы, «памілаванай» 13 снежня 2025 года, незадоўга да вызвалення ўзбудзілі новую крымінальную справу па рэдкім артыкуле — «дзеянні, якія дэзарганізуюць работу папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 410 КК), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вікторыю Кульшу ў лютым 2021 года прыгаварылі да 2,5 года калоніі паводле артыкула аб удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак па справе чата «Вадзіцелі 97% Мінск”». Тэрмін падаўжалі чатыры разы паводле артыкула аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК), кожны раз дадаючы па годзе. Вікторыя павінна была выйсці на волю 23 студзеня 2026 года. 5 снежня ёй паведамілі пра новую крымінальную справу аб дэзарганізацыі работы калоніі.
Вікторыя адбывала тэрмін у калоніі №4 у Гомелі, а затым — у калоніі №24 у Зарэччы. У лістападзе 2025 года яна атрымала сур’ёзную траўму ў калоніі, пасля якой яе вывезлі ў бальніцу Гомеля. Пасля бальніцы яе накіравалі ў медчастку гомельскай калоніі, а 13 снежня — вызвалілі і вывезлі ва Украіну з іншымі палітвязнямі. Вікторыі не аддалі пашпарт, а выдалі толькі даведку аб пацвярджэнні асобы.
