Фільм пра беларускую настаўніцу «Класная» стаў самым касавым кіно апошніх гадоў — Мінкульт

Культура
Кадр з фільма "Класная".

Стужка Кірыла Халецкага «Класная» сабрала ў пракаце больш за 1 млн 230 тысяч рублёў і стала самым касавым айчынным фільмам апошніх гадоў. Поспехамі беларускай кінаіндустрыі падзяліўся на калегіі міністэрства культуры кіраўнік ведамства Руслан Чарнецкі.

«Удзельная вага паказаў беларускіх фільмаў у агульным аб’ёме кінасеансаў у параўнанні з пачаткам пяцігодкі вырасла з 2 да 28,8 працэнта, гэта значыць у 13,5 раза», — адрапартаваў міністр на сённяшнім пасяджэнні.

Вядома, што Руслан Чарнецкі і раней называў фільм «Класная», створаны на кінастудыі «Беларусьфільм», прарыўной стужкай.

«Такіх рэкламных кампаній у нас яшчэ не было, а я ў гэтым бізнесе даўно. Гэта вельмі сур’ёзны, скрупулёзны, кваліфікаваны, экспертны падыход да фільмавытворчасці на ўсіх этапах… Таму зараз гэта новы крок у развіцці кінематографа», — казаў ён раней, адзначаючы і шырокую падтрымку стужкі дзяржаўнымі медыямі, і адмысловыя паказы для настаўнікаў і чыноўнікаў, і пэўныя рэкламаныя захады — у прыватнасці, на сеансах нават можна было набыць суправаджальную прадукцыю — мерч — да кіно. Апошняе з’яўляецца нармальнай практыкай для ўсяго свету, але «Беларусьфільм» адкрыў гэта ў першай чвэрці XXI стагоддзя.

Але пры гэтым вялікая наведвальнасць ідэалагічнай стужкі пра размеркаванне маладой настаўніцы ў аграгарадок забяспечвалася, у першую чаргу, за лік адміністратыўнага рэсурсу. На сеансы хадзілі класамі, у абавязковым парадку. Пра наведвальнасць трэба было адсправаздачыцца. У прыватнасці, такую сцэну бачыў аўтар Reform.news падчас пракату карціны ў адным з мінскіх кінатэатраў.

«Так, дзеці, сфатаграфаваліся каля плаката,  – камандуе настаўніца з мабільнікам у руках. – Гэта для справаздачы… –  тлумачыць яна. – Я магла і не ісці, але загад. Спачатку будзем выконваць, а потым падумаем. Усе ў залю – карціна пачынаецца», – з такой сцэнкі распачынаецца мой паход на фільм «Класная» кінастудыі «Беларусьфільм», — пісаў ён у рэцэнзіі на кіно для праекта «Культурная Re:візія».

Фільм у кінатэатрах пазіцыянаваўся як «нахтняльная гісторыя пра тое, як пераадоленне сумненняў і вера ў сябе дапамагаюць займець сапраўднае педагагічнае майстэрства».

«Тое, што ўбачыла на экране, — гэта было ачышчэнне душы. Фільм прымусіў мяне плакаць», — выказалася адна з чыноўніц пасля прагляду «Класнай».

Пачытаць рэцэнзію на карціну можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны