Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) абнавіў макраэканамічны прагноз для краін-удзельніц. Ацэнка росту беларускай эканомікі на гэты год паніжана ў параўнанні з чэрвеньскім прагнозам, а таксама зніжаны паказчык на 2026 год.
Згодна з абноўленым прагнозам ЕАБР, у 2025 годзе эканоміка Беларусі вырасце на 1,8%. У чэрвені аналітыкі банка ацэньвалі рост ВУП на ўзроўні 3%.
Прагноз росту ВУП Беларусі на 2026 год складае 1,8% — на 0,1 п.п. менш, чым у чэрвені. Разам з тым ацэнка росту на 2027 год павышана на 0,5 п.п. да 2%.
У гэтым годзе ўрадавым прагнозам, зацверджаным указам Аляксандра Лукашэнкі, прадугледжваўся рост ВУП на 4,1%, аднак фактычна за 11 месяцаў ён склаў толькі 1,3%. Афіцыйны прагноз уладаў на наступны год — рост ВУП на 2,8%.
«Пасля істотнага росту ВУП у 2023–2024 гадах у сярэднім каля 4% эканоміка Беларусі захоўвае станоўчую дынаміку. Асноўнымі драйверамі застаюцца спажывецкая і інвестыцыйная актыўнасць. Інвестыцыі падтрымліваюцца стымулюючай палітыкай дзяржавы, а рост спажывання адбываецца дзякуючы павелічэнню рэальных заробкаў прыкладна на 10%. Гэта адбылося як за кошт індэксацыі ў бюджэтным сектары, так і праз дэфіцыт працоўнай сілы ў прыватным. Апошняе прывяло да зніжэння беспрацоўя да гістарычнага мінімуму — 2,4%.
У той жа час рост ВУП абмяжоўваецца слабым знешнім попытам на беларускі экспарт, што негатыўна адбілася на прамысловасці. У выніку мы чакаем рост ВУП на ўзроўні не вышэй за 1,8%. У 2026 годзе тэмпы росту застануцца каля гэтага ўзроўню.
Асноўнай крыніцай пашырэння эканомікі застанецца ўнутраны попыт. Крэдытная падтрымка і рэалізацыя больш за 600 інвестпраектаў забяспечаць станоўчую дынаміку інвестыцый. Мы таксама чакаем далейшага росту заробкаў праз дэфіцыт працоўнай сілы і індэксацыю для бюджэтнікаў.
Дадатковую падтрымку эканоміцы, як мяркуецца, акажа развіццё IT-сектара. Гэта звязана з попытам на імпартазамяшчэнне праграмных прадуктаў у Беларусі і Расіі. Знешні попыт застанецца стрыманым, але па меры аднаўлення росту эканомікі Расіі ў 2027–2028 гадах тэмпы ВУП Беларусі могуць павысіцца да 2%», — адзначыў старшы аналітык цэнтра краінавага аналізу ЕАБР Антон Даўгавечны.
Інфляцыя ў Беларусі, паводле ЕАБР, у гэтым годзе складзе 7,1%, у 2026 годзе — 6,9%, а ў 2027-м запаволіцца да 6,6%. Раней прагназавалася 7,7% і 8,9% адпаведна.
Урад і Нацбанк ставілі мэту не вышэй за 5%, але фактычна ўзровень перавышае 7%. На наступны год мэтавая адзнака — не больш за 7%.
«Мы чакаем, што інфляцыя будзе трымацца каля мэтавай адзнакі 7%, усталяванай на 2026 год. Асноўныя праінфляцыйныя фактары — рост унутранага попыту і заробкаў, а таксама павышэнне ПДВ у Расіі, што ўплывае на беларускія цэны. Аднак знешні цэнавы ціск будзе паступова слабець. Уклад у інфляцыю зробіць і ўмеранае аслабленне беларускага рубля», — адзначыў Даўгавечны.
Стаўка рэфінансавання, паводле прагнозу, застанецца каля цяперашняга ўзроўню — 9,75% гадавых.
«Стабілізацыя інфляцыі не патрабуе павышэння стаўкі, але Нацбанк імкнецца падтрымліваць станоўчыя рэальныя працэнтныя стаўкі і выкарыстоўваць макрапрудэнцыяльныя інструменты, каб стрымліваць лішні ўнутраны попыт», — дадаў прадстаўнік ЕАБР.
Беларускі рубель, паводле прагнозу, будзе паступова слабець. У сярэднім курс долара складзе 3,08 рубля ў 2025 годзе, 3,32 — у 2026 годзе і 3,78 — у 2027 годзе. Гэта ніжэй, чым у чэрвеньскім прагнозе (3,28; 3,69 і 4,01 адпаведна).
«Пасля ўмацавання ў другім квартале курс рубля застаецца адносна стабільным, але ў 2026 годзе мы чакаем яго ўмеранага аслаблення да каля 3,3 рубля за долар. Ціск будзе звязаны з дэфіцытам гандлёвага балансу і аслабленнем расійскага рубля. Падтрымку нацыянальнай валюце будзе аказваць прапанову валюты ад насельніцтва і рост экспарту паслуг», — падсумаваў Даўгавечны.