Святлана Ціханоўская сустрэлася з камандай створанага ў Польшчы Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча. Зараз праект знаходзіцца на этапе падрыхтоўкі да рэгістрацыі.
«Шмат беларускіх навукоўцаў вымушаныя працягваць працу па-за межамі краіны, але яны ўсё адно застаюцца часткай беларускай акадэмічнай супольнасці. Таму стварэнне новых незалежных адукацыйных і даследчых інстытутаў — вельмі важны крок. Такія праекты дапамагаюць захоўваць і развіваць беларускую навуку, нават у выгнанні», — пракаментавала Ціханоўская, перадае яе Офіс.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся выклікі, якія стаяць перад праектам, магчымасць падтрымкі новых адукацыйных ініцыятыў. Асобная ўвага была нададзена пытанням фарміравання акадэмічнай каманды, тэрмінам афіцыйнай рэгістрацыі ўніверсітэта і планам пачатку яго працы. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі ролю новай установы ў беларускім акадэмічным асяроддзі і магчымую падтрымку з яго боку для дэмакратычных інстытутаў і ініцыятыў.
У сустрэчы прымалі ўдзел Павел Баркоўскі, Курт Вулхайзер, Андрэй Вардамацкі, Дзмітрый Нікановіч, Аляксей Ластоўскі і інш.
