У 40-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў, падзялілася асабістымі ўспамінамі і нагадала пра небяспеку Астравецкай АЭС і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.
«Калі здарыўся Чарнобыль, мне было ўсяго тры гады. Я не памятаю сам выбух, але памятаю, як яго доўгі цень жыла побач з намі пазней.
Мае родныя Мікашэвічы таксама трапілі ў зону радыеактыўнага забруджвання. У школе да нас часта прыходзілі ўрачы. Асабліва глядзелі шчытападобную залозу. Ёд стаў амаль звыклай рэччу, як нешта, што проста павінна быць. След таго, што многія беларусы нарадзіліся на заражанай радыяцыяй зямлі, мы нясём у сабе дагэтуль”, — расказала лідар дэмсіл.
Яна нагадала, што Беларусь прыняла на сябе галоўны ўдар катастрофы — да 70% радыеактыўных выпадзенняў прыпала на яе тэрыторыю.
“Але людзей параніла не толькі радыяцыя. Людзей параніла маўчанне. Замоўчванне. Калі савецкая «стабільнасць» і першамайскія парады былі важней за здароўе і жыццё людзей”, — адзначыла палітык.
Яна заклікала памятаць пра Чарнобыль, каб гэтая сітуацыя не паўтарылася, і нагадала пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, назваўшы гэта пагрозай для беларускага народа і незалежнасці краіны.
“Цяперашняя ўлада ў Беларусі паводзіць сябе дакладна так жа, як савецкія ўлады падчас Чарнобыля. Астравецкую АЭС будавалі без належнага міжнароднага кантролю, а калі там адбываліся інцыдэнты, іх спрабавалі так жа хаваць, быццам нічога не адбылося.
Улады пайшлі далей і цяпер размяшчаюць расійскую ядзерную зброю на нашай тэрыторыі. Гэта ператварае Беларусь у мішэнь, а беларусаў робіць закладнікамі імперскіх амбіцый Расіі. Расія такім чынам спрабуе замацаваць свой кантроль над Беларуссю, шантажаваць і пагражаць суседзям. Бо расійская ядзерная зброя — гэта зусім не пра бяспеку. Гэта пагроза і для нашых людзей, і для нашай незалежнасці”, — падкрэсліла Ціханоўская.
“Так, Чарнобыль паказаў, да чаго вядзе безадказнасць уладаў. Але ён таксама паказаў і сілу салідарнасці. І ў гэты дзень я думаю пра нашых выдатных людзей. Не толькі пра тых, хто пацярпеў. Але і пра тых, хто дапамог. Чарнобыль паказаў, колькі ў свеце чалавечай цеплыні. Перасяленцаў падтрымлівалі родныя і сябры.
Дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей прымалі сем’і ў Еўропе, Амерыцы, Канадзе на аздараўленне. Для многіх гэта быў першы досвед таго, што свет можа быць добрым, адкрытым і што нават за чужой мовай ты можаш убачыць чыёсьці вялікае сэрца. Мы памятаем Чарнобыль. Памятаем кожнага і кожную. І будзем рабіць усё, каб больш ніколі не паўтарыліся памылкі мінулага», — рэзюмавала яна.
