Беларусы з першых дзён вайны стаяць на баку ўкраінцаў, а Аляксандр Лукашэнка не прадстаўляе грамадзян Беларусі і служыць інтарэсам Расіі, заявіла Святлана Ціханоўская.
Офіс Ціханоўскай сабраў цытаты кіраўніцы АПК пра расійска-ўкраінскую вайну за апошнія паўгода:
«Паміж беларусамі і ўкраінцамі няма варожасці. Мы супрацьстаім агульнаму ворагу — расійскаму імперыялізму, які не прызнае права нашых народаў самастойна вызначаць свой лёс».
«Нас з Украінай аб’ядноўваюць каштоўнасці, імкненне да свабоды, жаданне вырвацца з лап імперыі і еўрапейская будучыня».
«Мы заўсёды будзем на баку людзей, якія абараняюць свае дамы, свае сем’і, сваю свабоду. Беларускі народ падтрымлівае незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».
«Мы павінны рабіць больш, каб дапамагаць Украіне ўсім, чым можам: палітычна, інфармацыйна, праз падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, праз працу з украінскімі інстытутамі і праз сувязь з беларусамі, якія жывуць ва Украіне».
«Галоўнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні, — гэта бяспека. Гарантыя таго, што больш за тысячу кіламетраў агульнай мяжы будуць бяспечнымі. Што Беларусь больш ніколі не стане плацдармам для агрэсіі. Што расійскія танкі больш ніколі не пройдуць праз Беларусь».
«Рэжым зрабіў Беларусь саўдзельніцай. Але Лукашэнка — узурпатар, які не прадстаўляе беларусаў і служыць выключна інтарэсам Крамля. І Беларусь — не Расія, і беларусы не роўныя рэжыму».
«Беларусы з першых дзён стаяць на баку ўкраінцаў. Пратэстныя акцыі, сабатаж расійскіх войскаў, рэйкавыя партызаны, „Беларускі Гаюн“, валанцёры, Пункт Нязломнасці, добраахвотнікі, дзясяткі якіх аддалі свае жыцці за Украіну. Сёння беларуская дыяспара ахвяруе на падтрымку Украіны больш сродкаў, чым на ўласна беларускія праекты».
«Наша агульная задача — не дапусціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнута ў вайну. Гэта перш за ўсё адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны».