ЗША аказваюць на Літву ціск, патрабуючы аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Такую заяву ён зрабіў 13 мая на закрытай сустрэчы з дэпутатамі ад Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, паведамляе Lrytas са спасылкай на крыніцы.
«Да сённяшняга дня, і публічна, і вам, я паўтараў, што мы не адчуваем ніякага ціску з боку амерыканцаў і не атрымліваем ніякіх пытанняў, звязаных з угнаеннямі — як уводзяцца гэтыя санкцыі і таму падобнае. На сёння магу сказаць, што ціск з’яўляецца», — сказаў Будрыс.
Паводле слоў кіраўніка літоўскага МЗС, Літва супрацоўнічае з ЗША і спрабуе зразумець, чаго хоча Вашынгтон, але не будзе аўтаматычна «скакаць па камандзе».
Будрыс таксама падкрэсліў, што Літва не можа самастойна адмяніць санкцыі, бо яны ўзгодненыя на ўзроўні Еўрасаюза.
Нагадаем, пасля апошняга візіту ў Мінск у сакавіку спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Вільняй і Мінскам і выказаўся за аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву.
