Беларускі расследавальніцкі цэнтр сумесна з украінскім выданнем «Слідство.Інфо» пры падтрымцы «Кіберпартызан» і ініцыятывы «Рабочы Рух» апублікаваў расследаванне аб пастаўках беларускіх прадпрыемстваў расійскаму вайскова-прамысловаму комплексу.
Аўтары прааналізавалі даныя аб пастаўках ад 58 беларускіх прадпрыемстваў 41 расійскаму вытворцу ўзбраенняў. Паводле аналізу, з лютага 2022 года па жнівень 2025-га аб’ём гэтых адгрузак склаў не менш за 1,2 мільярда долараў, а да 2024 года ўдвая перавысіў паказчыкі 2022-га. Пры гэтым 29 з 58 вывучаных беларускіх пастаўшчыкоў па-ранейшаму не знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі.
Сярод ключавых пастаўшчыкоў — Мінскі завод колавых цягачоў, чые шасі выкарыстоўваюцца пад рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Смерч», «Ураган-1М» і ракетны комплекс «Іскандэр-М», а таксама оптыка-электроннае прадпрыемства «Пеленг», якое паставіла расійскім вытворцам танкаў і бранятэхнікі прадукцыю на 875 мільёнаў долараў. «Інтэграл» пастаўляў мікрасхемы і электронныя кампаненты вытворцам зенітных ракетных комплексаў С-400 і «Бук-М3», а таксама бранятэхнікі «Армата» і Т-90.
Паводле ацэнкі Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны, залежнасць Расіі ад беларускіх оптыка-электронных сістэм і прыцэлаў дасягае 85%, колавых шасі для ракетных комплексаў — да 90%, транспартна-пускавых агрэгатаў — да 80%, электронных кампанентаў — да 20%, іншай прадукцыі двайнога прызначэння — да 60%.
«Асобныя беларускія кампаненты можна замяніць кітайскімі аналагамі. Аднак гэта запатрабуе дадатковых выдаткаў і часу на выпрабаванні і адаптацыю, унясенне змяненняў у канструктарскую дакументацыю, а таксама навучанне расійскіх вайскоўцаў правілам эксплуатацыі і абслугоўвання новай тэхнікі», — заявілі ў ГУР.
Расследаванне таксама ўстанавіла зваротны паток. Праз Расію беларускія прадпрыемствы атрымлівалі заходнія падсанкцыйныя тавары нямецкага, швейцарскага, брытанскага, амерыканскага і італьянскага паходжання на суму каля 800 тысяч долараў — вымяральнае абсталяванне, мікрасхемы і кампаненты для вытворчасці электронікі.
Цалкам прачытаць расследаванне можна па спасылцы.