Грамадзянка Беларусі везла з Польшчы гадзіннікі і футляры і на мытні выбрала зялёны калідор. Экспертыза прызнала прадметы культурнымі каштоўнасцямі. Жанчыне пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Аўтамабіль Volkswagen перасякаў польска-беларускую мяжу праз пункт пропуску «Брузгі». Пасажырка аўтамабіля заявіла, што ёй няма чаго дэклараваць, і выбрала зялёны калідор.
Падчас праверкі багажу мытнікі знайшлі карэтныя і кішэнныя гадзіннікі, бронзавы бюст, футляры з металу са шклянымі ўстаўкамі і іншыя прадметы. Экспертыза паказала, што 11 з 18 прадметаў, якія перавозіліся, выраблены 50 і 100 гадоў таму і з’яўляюцца культурнымі каштоўнасцямі. Іх агульны кошт ацэньваецца прыкладна ў 3 тысячы еўра, паведамляе ДМК.
У дачыненні да жанчыны пачаты адміністрацыйны працэс.



