Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павіншаваў беларусаў з Днём Волі на беларускай мове. Адпаведную публікацыю ён апублікаваў у сацыяльнай сетцы Х.
«Сёння дзень, які ведае кожны беларус, — Дзень Волі. І гэта дзень народа, які яшчэ мусіць выпакутаваць і здабыць для сябе сапраўдную незалежнасць і рэальную бяспеку», — напісаў украінскі лідар.
Прэзідэнт краіны адзначыў, што Беларусь прайшла няпростыя павароты гісторыі, і адзначыў, што ўвагі Еўропы для яе не хапіла ў ключавыя моманты.
“Але Беларусь нельга губляць. І дакладна не варта пакідаць па-за ўвагай народ Беларусі”, – падкрэсліў ён.
Зяленскі таксама звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка абраў менавіта Дзень Волі для паездкі ў Пхеньян.
«Тое, што Лукашэнка абраў менавіта гэты дзень для паездкі ў Пхеньян — далей ад свайго народа і бліжэй да сваёй мары пра пажыццёвую сямейную ўладу, — вельмі красамоўна сведчыць пра ягоныя намеры», – падкрэсліў ён.
«Еўропа — гэта супольнасць вольных народаў. Тут не павінна быць месца спадчынным дыктатурам. Тут не павінна быць месца рэжымам, якія зарабляюць гандлем суверэнітэтам і дапамогай у тэроры ды агрэсіях. Свету патрэбны мір. А значыць, свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння. Жадаем волі беларускаму народу і дзякуем тым беларусам, якія стаяць побач з украінцамі ў абароне ад расійскай агрэсіі. Жыве Беларусь!” — дадаў прэзідэнт.
