Беларусь у 2025 годзе экспартавала праз расійскія парты 11,6 млн тон калійных угнаенняў. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле “Коммерсанта”, прысвечаным зняццю амерыканскіх санкцый з “Беларуськалія”.
Паводле інфармацыі выдання, палова беларускага калію ў мінулым годзе была адпраўлена праз порт Бронка, ва Усць-Лугу — 25%, на чыгуначную адпраўку ў Кітай і краіны СНД — 9%, на ААТ ПКС (Санкт-Пецярбург) — 8%, на «БазисПорт» (Санкт-Пецярбург) — 7%.
Газета таксама піша, што па стане на лістапад 2025 года абмеркаванне беларускага порта ў Расіі на 10 млн т угнаенняў усё яшчэ працягвалася. Абмяркоўваліся Бронка, порт на Далёкім Усходзе, рачная перавозка. Нагадаем, што ў Расіі ёсць яшчэ праект беларускага порта ў Мурманску. Пры гэтым нядаўна ў Мінск прыязджаў губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс.
Аналітык рынку ўгнаенняў MMI Аляксандр Варанцоў у каментары для матэрыялу “Коммерсанта” выказаў меркаванне, што зняцце санкцый не акажа істотнага ўплыву на сусветны калійны рынак. Таксама ў артыкуле выказваецца сумненне, што рашэнне ЗША зменіць лагістыку беларускіх паставак. Аднак новым пакупніком могуць стаць ЗША. Паводле слоў Варанцова, мяркуючы па студзеньскай статыстыцы, ЗША змяняюць структуру імпарту: доля Канады знізілася з 88% у 2025 годзе да 80% у студзені, а доля Расіі падвоілася да 18%.
«Улічваючы напружанасць адносін ЗША з Канадай, зняцце санкцый з “Беларуськалія” і спробы дыверсіфікаваць пастаўкі хларыстага калію, імпарт з Беларусі ў бліжэйшы час вельмі верагодны», — цытуе яго выданне.
