У Джакарце праходзіць беларуска-інданезійскі бізнес-форум. На ім ужо падпісаны кантракты на 49 млн долараў. Пра гэта заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.
«На дадзены момант па раней прапрацаваных кантрактах і дамоўленасцях інданезійскімі партнёрамі ўжо падпісана кантрактаў на 49 млн долараў. Некаторыя нашы кампаніі сустракаюцца ўпершыню, на наступны дзень плануюцца яшчэ наведванні і шэраг сустрэч непасрэдна ўжо на прадпрыемствах і ў гандлёвых аб’ектах у Джакарце. Таму мы чакаем новых дамоўленасцей, якія будуць рэалізаваныя ў найбліжэйшыя месяцы», — сказаў ён, перадае БелТА.
Як расказаў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч, адзін з найважнейшых напрамкаў супрацоўніцтва — сфера харчовай бяспекі. Паводле яго слоў, беларускія прадукты харчавання ўжо пастаўляюцца ў Інданезію. Традыцыйна беларускі бок таксама прасоўвае прадукцыю машынабудавання.
«Для механізацыі сельскай гаспадаркі Інданезіі мы можам прапанаваць комплексныя рашэнні. Гэта не проста пастаўка тэхнікі і абсталявання да яе, а стварэнне сэрвісных цэнтраў з перадачай неабходных кампетэнцый мясцовым спецыялістам. У перспектыве мы гатовы арганізоўваць сумесныя зборачныя вытворчасці з перадачай адпаведных тэхналогій», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўленая ў пастаўках з Інданезіі какава-бабоў, пальмавага алею, лекаў, каўчуку, морапрадуктаў, кавы і іншых тавараў.
Бізнес-форум папярэднічае візіту ў Інданезію Аляксандра Лукашэнкі.