«Барацьба паміж цывілізаваным светам і посткамуністычнай імперыяй, часткай якой цяпер з’яўляецца Беларусь, працягваецца»: у Варшаве прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім

Галоўнае
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: reform.news

У Варшаве падчас Міжнароднага кніжнага кірмашу, у якім удзельнічаюць і беларускія выдаўцы, прайшла сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцам, пісьменнікам, былым палітзняволеным і сябрам Беларускага ПЭНа Алесем Бяляцкім.

Сустрэчу, якую правяла журналістка Gazeta Wyborcza Вікторыя Бяляшын, была прысвечаная кнізе «Алесь», выдадзенай «Полацкімі Лабірынтамі», яе прэзентавала старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Размова была прызначана хутчэй для польскага чытача, мадэратарка цікавілася турэмным досведам, лёсам рукапісаў, пакінутых у турме, і станам беларускай мовы. А напрыканцы спытала пра надзею.

«Барацьба паміж цывілізаваным светам і посткамуністычнай імперыяй, часткай якой цяпер з'яўляецца Беларусь, працягваецца»: у Варшаве прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: reform.news

«Ім трэба даць пэўны час, каб прыйсці ў сябе»

«Першы раз я выступаю на стадыёне», – пажартаваў Алесь Бяляцкі (міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве сёлета праходзіць на Нацыянальным стадыёне). Праваабаронца расказаў, што яшчэ не да канца адчувае, што выйшаў з турмы, «нейкая мая частка ўсё роўна застаецца там». Але гэта не першы яго турэмны досвед, і ён разумее, што патрэбны час, каб узнавіцца (напрыклад, адразу пасля вызвалення ён нават баяўся зайсці ў метро).

Таму цяпер, калі выступаюць ці нешта гавораць былыя палітзняволеныя, заўсёды трэба ўлічваць, што гэтыя людзі выйшлі з умоваў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі і магутнага маральнага ціску, а часам і фізічнага. «Ім трэба даць пэўны час, каб прыйсці ў сябе», – мяркуе праваабаронца.

«Гэта была наша праваабарончая місія»

Чатыры з паловай гады – гэта, безумоўна, час, «вырваны з жыцця», аднак Алесь Бяляцкі ні хвіліны не шкадуе пра ўсе гэтыя гады ў турме, хоць «яны былі няпростыя і цяжкія, але гэта быў свядомы выбар, і я казаў, чаму мы прынялі гэты выбар. Што можа больш красамоўна сведчыць пра сітуацыю з правамі чалавека, калі праваабаронцы сядзяць у турме. Больш не трэба нічога гаварыць. Фактычна мы працягвалі там сваю дзейнасць, хоць яна была дзіўная. Гэта была наша праваабарончая місія, – патлумачыў Алесь Бяляцкі.

– Дзевяць асобаў з нашай арганізацыі прайшлі праз турму, але астатнія працавалі. І я вельмі ўдзячны, што мае калегі, якія прайшлі праз турму, не зламаліся, не склалі рукі, не расчараваліся ў тым, што рабілі. Вядома, гэта вялікі кавалак жыцця, які ў цябе забіраюць фактычна за твае перакананні, за тваю працу, але што зробіш: калі мы хочам бачыць Беларусь дэмакратычнай, незалежнай і еўрапейскай краінай, то значыць такая плата за гэта. Бо барацьба паміж цывілізаваным светам і посткамуністычнай імперыяй, часткай якой цяпер з’яўляецца Беларусь, працягваецца».

«Барацьба паміж цывілізаваным светам і посткамуністычнай імперыяй, часткай якой цяпер з'яўляецца Беларусь, працягваецца»: у Варшаве прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: reform.news

«Асіміляцыя беларусаў працягваецца»

Журналістка Gazeta Wyborcza пацікавілася станам беларускай мовы. «Русіфікацыя беларусаў ідзе, пачынаючы з падзелаў Рэчы Паспалітай. Палякі таксама ў ХІХ стагоддзі адчулі, што такое Расійская імперыя, – адказаў Алесь Бяляцкі. – Асіміляцыя беларусаў працягваецца і зараз, нягледзячы на тое, што Беларусь ужо больш за 30 гадоў незалежная дзяржава. У нас практычна знішчана беларуская адукацыя, беларуская мова мае арнаментальны характар. Яна не прадстаўлены ў розных галінах жыцця грамадства, бо Лукашэнка свядома знішчае беларускую мову і такім чынам знішчае значную частку беларускай культуры, можна сказаць, што знішчае беларускую душу.

Я ўсё сваё жыццё ад юнацтва б’юся за беларускую мову, за беларускую культуру. Нашы першыя падпольныя групоўкі засноўваліся на мове і культуры, а пасля гэтага мы прыходзілі да антыкамунізму, таму што разумелі, што ў Савецкім Саюзе перспектывы для беларусаў няма».

Праваабаронца расказаў пра перыяд адраджэння беларускай мовы на пачатку 1990-х, але калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, пачаўся адкат, які доўжыцца трыццаць гадоў: «Гэта сутнасць савецкай ідэалогіі, у якой ён выхаваны. Беларуская мова для іх дэкаратыўная, яны не бачылі ў беларускай мове каштоўнасці. Лукашэнка нават не бачыў беларусаў як паўнацэнную нацыю. Мы выдатна разумеем, што без сваёй культуры, без сваёй мовы мы ніколі не будзем мець нармальных перспектыў для развіцця».

Таксама праваабаронца расказаў, што палітзняволеных у калоніі за беларускую мову білі, але яго не чапалі з-за нобелеўскага лаўрэацтва.

Дыялог ці санкцыі?

Хто мае рацыю – Еўропа ці Амерыка, спыталася мадэратарка. Трэба працягваць ціск на рэжым ці трэба дамаўляцца?

«Усе маюць рацыю, – адказаў праваабаронца, – і амерыканскія дыпламаты, якія выцягваюць закладнікаў з турмаў, і Еўрапейскі звяз, і Польшча, калі працягваюць санкцыі супраць рэжыму». Санкцыі трэба працягваць, таму што ў Беларусі нічога не мяняецца. Дзяржава не перастала дапамагаць Расіі ў вайне, напрыклад, у яго калоніі была вытворчасць, скіраваная на падтрымку ваеннай расійскай машыны.

Рэпрэсіі таксама не спыніліся. І пакуль у Беларусі не спыняцца рэпрэсіі і не пачнецца дыялог, не час адмяняць санкцыі. Трэба ціснуць на рэжым і патрабаваць пачатку дыялогу.

Але важны нюанс у тым, каб санкцыі былі накіраваны не супраць людзей, а супраць рэжыму. Таму важныя візавая патрымка, спрыянне студэнцтву і кантактам паміж людзьмі.

«Барацьба паміж цывілізаваным светам і посткамуністычнай імперыяй, часткай якой цяпер з'яўляецца Беларусь, працягваецца»: у Варшаве прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: reform.news

Святло ў канцы тунэлю

Мадэратарка згадала, што пасля вызвалення Алесь Бяляцкі казаў, што «мы ідзём тунэлем, і не відаць святла. Але трэба ісці, бо святло ёсць». Ці нешта цяпер змяняецца?

«Насамрэч я ўжо бачу гэтае святло ў канцы тунэлю, таму што сама па сабе сітуацыя ў нас не такая паганая. Можна параўнаць, што адбывалася ў Польшчы ў 1980-я гады, па 1989-ты, калі было жорсткае супрацьстаянне, і ніхто не ведаў, калі будзе канец. І тое, што зараз беларускія ўлады не маюць падтрымкі ад беларускага грамадства, дае вялікі аптымізм на тое, што змены ў нас наступяць», – упэўнены Алесь Бяляцкі.

Пасля сустрэчы ўсе ахвотныя змаглі набыць і падпісаць кнігі Алеся Бяляцкага ў салоне беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь», арганізаваным Цэнтрам Беларускай Салідарнасці і Інстытутам беларускай кнігі.

Праграму беларускага стэнда «Вольная Беларусь», які будзе працаваць да 31 траўня на стадыёне PGE Narodowy (стэнд 11/D5) у Варшаве, можна паглядзець тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.