13 ліпеня ініцыятыва Maldzis правяла ў варшаўскім музеі сучаснага мастацтва другі Інтэлектуальны фэстываль беларускай культуры «Maldzis Фэст — 2026».
Імпрэза пачалася з прэзентацыі новага каштоўнага артэфакта з калекцыі MALDZIS – партрэта жанчыны яўрэйскага мастака з Брэста Якава Балглея (1891—1934). Якаў Балглей быў прадстаўніком Парыжскай школы і жыў у вядомай парыжскай камуне «Вулей».
У будучыні палатно, напісанае ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя, будзе перададзена ў Музей гісторыі Брэста ў якасці грамадскага падарунка. «І я вельмі спадзяюся, што наведвальнікі гэтага музея будуць казаць сваім дзецям: глядзіце, гэта наш мастак, – сказаў сузаснавальнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч на адкрыцці імпрэзы. – І больш не трэба будзе тлумачыць, хто такі Якаў Балглей. Магчыма, што гэта маладая жанчына стане для нас сімвалам вяртання дадому, як у 2020 годзе іншая маладая жанчына з іншага партрэта іншага мастака родам з Беларусі стала сімвалам пратэстаў».
Намер і галоўная канструцыя фэсту – прэзентаваць крэатыўныя ідэі творцаў з розных сфер. Абрамлялі гэтыя кароткія прэзентацыі сустрэчы са Святланай Алексіевіч на пачатку фэсту і Сашам Філіпенкам – напрыканцы.

Святлана Алексіевіч: «Яны хочуць улады над намі, над нашым розумам, над нашым духам, змагаюцца з кнігамі…».
Мадэратар Рыгор Астапеня спытаў, як пішацца кніга пра беларускія 2020-я.
Пісьменніца згадала пра тое, што чырвоны чалавек, як яна сцвярджала ў сваёй кнізе «Час secоnd-hand» не памёр, і цяпер яна назірае, як ён з крывёй сыходзіць з гісторыі. У кнізе пра 2020 год ёй важна не застацца «ў пастцы пакутаў», патрэбнае асэнсаванне з чым мы выйшлі з гэтага пекла, чым мы жывём цяпер. Бо 2020-ты стаў часам пераацэнкі, абуджэння, часам не толькі страт, але і прадумвання таго, што з намі было.
І гэта не была не параза, гэта шлях, мяркуе Алексіевіч, і згадвае, як нейкія гістарычныя падзеі, якія ў свой час здаваліся паразамі, былі толькі прыступкай на шляху. Таму не трэба баяцца гэтага шляху, нягледзячы на тое, што цяпер цяжка і балюча.
Пры гэтым важна не ставіць жыццё на паўзу і вучыцца новаму, бо ўсе мы цяпер у эміграцыі набываем новы досвед.
Таксама Алексіевіч паразважала пра беларускую гісторыю – як гісторыю катастроф. Яна сказала, што яе называюць пісьменнікам катастроф, з чым яна не згодная. «Хоць вы маеце рацыю, бо наша гісторыя — гісторыя катастроф. Нацыя ўвесь час падзеленая. З аднаго боку, спакуса свабоды, з другога — спакуса несвабоды».
Пісьменніца патлумачыла, чаму яна займаецца гэтай тэмай: «Мой герой заўсёды каля смерці. Чалавек у гэтых кнігах заўсёды танцуе каля смерці («У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд»), таму ён у маіх кнігах так добра размаўляе, у стане каля смерці ён падымаецца на дыбачкі, ён у поўнай меры паказвае, хто ён, паказвае, на што ён здольны. Такі выкід энергіі, калі ён лепш за ўсё пра нешта здагадваецца ў свеце, найлепш разумее таямніцы свету, якія спасцігаюцца толькі ў хвіліны смяротнага дакранання да рэальнасці».
Журналіст «Еўрарадыё» Тарас Тарналіцкі паведаміў Святлане Алексіевіч навіну пра тое, што яе кнігу «Сто цытатаў на Свабодзе» ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам». І спытаў, як яна ставіцца да цэнзуры.
Пісьменніца расказала, што гады два таму яна даведалася, што ў Беларусі яе кнігі правяраюць на «экстрэмізм». А потым усё сціхла: «можа, знайшоўся нейкі разумны чалавек, які сказаў, што мы будзем смешна выглядаць у свеце. Зараз знайшлі іншы спосаб — мае выступленні на Радыё Свабода прызналі «экстрэмісцкімі».
Алексіевіч згадала, як тры гады не друкавалі кнігу «У вайны не жаночы твар». Цэнзар пытаўся: «Ты што, Рэмарка начыталася?» і абвінавачваў у «натуралізме».
«Сёння ўсё прасцей, – мяркуе Алексіевіч, – бо дыктатура заўсёды прасцейшая. Яны хочуць улады над намі, над нашым розумам, над нашым духам, змагаюцца з кнігамі… Сёння яны прарваліся наперад. Кожнаму трэба выбраць свой шлях. Я выбіраю бок святла — бок будучыні».
«Жыць прымітыўна прасцей. У большасці людзей няма сілаў, няма бабуляў ці бацькоў, якія сказалі б, што трэба выбіраць бок святла. А жыццё — гэта выбар», – сказала Алексіевіч, адказваючы на іншае пытанне.
«Ці існуе нейкі рэцэпт нацыянальнага прымірэння?», – прагучала пытанне з залы.
Словы пра нацыянальнае прымірэнне Алексіевіч пачула, калі прамаўляў у судзе Алесь Бяляцкі. «Я проста ўздрыгнула ад яго апошняга слова, калі чытала, бо гэта былі мае думкі. Ён сказаў, што мы невялікая нацыя, з вялікімі стратамі. І павінны быць разам, не павінны падзяляцца». Цяпер Алесь больш жорстка прамаўляе, а тады так сказаў.
Магчыма, «прымірэнне» – не вельмі дакладнае слова. Трэба, каб мы пачалі размаўляць адно з адным, пакуль не ведаю, у якой форме. Але мы не павінны ісці на прымірэнне. Мы павінны прапанаваць варыянт дыялогу».
На перапынку да нобелеўскай лаўрэаткі выстраілася вялізная чарга, каб узяць аўтограф. Новае беларускамоўнае выданне «Час secоnd-hand» разабралі вокамгненна.
Творчыя ініцыятывы
У кожнага з выступоўцаў было 10–20 хвілін, каб прэзентаваць сваю ініцыятыву ці выкласці сваю ідэю.
Мікалай Халезін расказаў пра тое, якія культурныя праекты цяпер патрэбныя. Спачатку ён расказаў пра праекты, якія «ўзляцелі» і атрымалі сусветнае прызнанне. Спектакль «Сабакі Эўропы», бюджэт якога склаў прыблізна 600 тысяч фунтаў, ці 900 тысяч даляраў, ствараўся як флагманскі беларускі прадукт і ў выніку праехаў сусветны тур, фактычна адбіўшы свае грошы.

Другі прадукт – опера «Дзікае паляванне караля Стаха», бюджэт якой склаў прыблізна мільён фунтаў. Большую частку фінансаў пакрылі спонсары, што супрацоўнічаюць з Беларускім Свабодным тэатрам і не маюць ніякіх адносін да Беларусі. За два месяцы да першай прэм’еры ўсе білеты былі раскуплены.
Наступны праект – беларускі павільён на Венецыянскім біенале. 60 працэнтаў яго кошту – гэта грошы беларускіх кампаній. Гэта працоўны механізм, кажа Халезін, бо адзін з мецэнатаў пасля адкрыцця сказаў, што мы праехалі 20 павільёнаў, наш павільён – лепшы. Ключавое слова «наш». «Мы не казалі, дай нам грошай, мы казалі, паўдзельнічай з намі. Бо гэта нацыянальны павільён. А не павільён Беларускага свабоднага тэатра. Мы хочам адкрыць платформу, на якой мы на працягу шасці месяцаў атрымлівалі б аўдыторыю. І ўсё спрацавала». Пасля праект будуць паказваць у іншых месцах, магчыма, і ў Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве, дзе адбываўся фэст.
Калі казаць пра флагманскі нацыянальны прадукт, то ён гадамі можа недзе экспанавацца і гадамі прыцягваць увагу.
Як можа нарадзіцца праект, які дакладна спрацуе? Крэатыўны менеджар прапанаваў кнігі Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха» адаптаваць для міжнароднай аўдыторыі ў трох міні-серыялах па чатыры серыі, стварыўшы аднаго героя – этнографа. «І мы атрымліваем беларускага Індзіяна Джонса, – кажа Халезін, – якога «прапускаем» праз усе творы. І гэты герой будзе ўвасабляць свет Караткевіча. І гэты серыял можна прапанаваць, напрыклад, Netflix».

Наступная частка была прысвечана праекту «Этыка», які спалучае беларускую народную традыцыю з сучаснай модай. Заснавальніца праекта «Этыка» Воля патлумачыла, што людзі часта не ведаюць, дзе знайсці беларускіх дызайнераў. Беларуская мода не вельмі бачная, яна знаходзіцца ў крытычным стане, але яна існуе, ёсць шмат дызайнераў і брэндаў, некаторыя з якіх працуюць і з культурным кодам. А толькі ў беларускай модзе будзе жыць беларуская традыцыя.
Адзенне – гэта мова, на якой мы размаўляем, нічога не кажучы. Беларуская мода можа быць рупарам, як зараз адбываецца ва Украіне, дзе фэшн-індустрыя транслюе важныя ідэі.
Асноўная праблема беларускіх дызайнераў і брэндаў – гэта нябачнасць. Няма культурных праграмаў для беларускіх дызайнераў адзення, няма грантаў, дызайнераў амаль не запрашаюць на інтэрв’ю.

У наступнай частцы праграмы прэзентаваў сваю дзейнасць Дзмітрый Салодкі, які, расказваючы пра беларускі культурны код у люстэрку сумежных еўрапейскіх традыцый, згадаў з’явы і мастацкія артэфакты, якія пераасэнсоўваюцца ў розныя гістарычныя эпохі. І ў савецкім абеліску парадаксальна захоўваюцца традыцыі пакланення сонцу ў Егіпце. Дзмітрый Салодкі, былы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея ў Беларусі, ладзіць прафесійныя экскурсіі ў Варшаве і прэзентуе творы ў Art-кавярні MALDZIS.

Мастак і сцэнограф Аляксандр Адамаў гэтым годам удзельнічае ў фестывалі сучаснага мастацтва Warsaw Gallery Weekend, ён прэзентаваў свой праект «Санаторый падзеленага дыхання».

Лявон Вольскі раcпавёў пра сваю мастацкую адукацыю і выставу, прысвечаную беларускім прымаўкам і прыказкам, што праходзіла ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.

Падчас фэсту прадаваліся кніжкі выдавецтва Gutenberg Publisher з Кракава, а рэдактарка выдавецтва, якая нядаўна вярнулася з доўгага падарожжа па абмене досведам у Злучаных Штатах, Валянціна Андрэева расказала пра аўтарскае права і Штучны Інтэлект. Публікуючы новыя выданні, Guttenberg заключае з аўтарам дамову пра невыкарыстанне штучнага інтэлекту ў напісанні кнігі. Выдавецтва першым пачало пазначаць сваю прадукцыю знакам «No AI content inside» («Без ужыцця штучнага інтэлекту»).
Саша Філіпенка: «Мы нікому нічога не павінны даказваць»
Напрыканцы адбылася творчая сустрэча з Сашам Філіпенкам, якую мадэравала Ірэна Кацяловіч.
Ці існуе ў свеце вобраз Беларусі, які ствараецца не палітычныя павесткай, а творцамі, спытала мадэратарка.
«Мне падаецца, што так, я не магу казаць пра ўсё мастацтва, я, напэўна, лепш ведаю пра беларускую літаратуру ў выгнанні, якая жыве больш у Еўропе, чым у Беларусі, – адказаў Філіпенка. – І мне падаецца, што беларускую літаратуру добра ведаюць, калі яна прадаецца на кніжным кірмашы ў Франкфурце ці Ляйпцы, бо яна перакладаецца. Нашу літаратуру ведаюць значна больш, чым беларускую зборную па футболу.
Мне падаецца, што зацікаўленасць ёсць. Але праблема ў тым, што трэба зноў і зноў распавядаць пра тое, што ёсць Беларусь, што яна яшчэ існуе. Напрыклад, у мяне быў дзень, калі я даваў інтэрв’ю двум самым буйным газетам Германіі. Адзін журналіст сказаў: «Я вас віншую, усё нармалізавалася зараз у Беларусі». І я адказваю: «О, цікава!».
Ты нібыта бачыш праблему ў тым, што пра Беларусь кажуць як пра месца гвалту, дзе пасля 2020 года нічога не змянілася, але, на жаль, сапраўды нічога не змянілася, і мы павінны пра гэта працягваць распавядаць. У гэтым таксама сэнс культуры. Проста кожны сам для сябе вызначае, чым павінна займацца культура, літаратура».

«Што расчароўвае ў візіі замежнікаў пра Беларусь?», – прагучала яшчэ адно пытанне ад мадэратаркі.
«Напэўна, тое, што не так шмат пра нас ведаюць, але мне падаецца, што гэта нашыя праблемы, а не праблемы замежнікаў. Напрыклад, мы самі не надта добра ведаем сучасную літаратуру Албаніі, – паразважаў пісьменнік. – Нават калі самі беларусы распавядаюць пра Беларусь, яны кажуць, што гэта такая невялікая краіна ў Еўропе, але мы не маленькая краіна… Мы яшчэ шмат чаго пра сябе не разумеем, шмат чаго можам казаць пра сябе. Гэта пытанне больш да нас, чым да Еўропы».
«Моц, напрыклад, швейцарскай літаратуры не большая за нашу, і мы нікому нічога не павінны даказваць», – дадаў Саша Філіпенка.
З залы задалі пытанне пра тое, што мы самі стваралі вобраз, нібы Беларусь – гэта небяспечная краіна, якой кіруюць бандыты. Як у тым, што мы распавядаем свету пра Беларусь, захаваць баланс і расказаць, што ёсць і цудоўныя беларусы?
«Мы зараз высвятляем, што мы павіны рабіць, каб пра нас нешта добрае падумалі еўрапейцы, бельгійцы ці італьянцы. У мяне шмат пытанняў да бельгійцаў і італьянцаў, бо мы шмат у чым большыя еўрапейцы. І мы нібыта ўвесь час хочам камусьці штосьці даказваць. Мне падаецца, што мы не павінны нічога нікому даказваць, мы ні за каго не горшыя.
Калі мы кажам пра беларусаў, мы нібыта дзелім іх на нейкіх добрых беларусаў і іншых. Яны ўсе беларусы, і тыя, якія працуюць у АМАПе, і нам з гэтым трэба нешта рабіць. Але мяне не турбуе гэта пытанне, маё пытанне пра тое, што я магу зрабіць сам», – перакананы пісьменнік.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram