Цэнтральнае камандаванне ЗША працягнула ўдары па Іране. На пастаяннай аснове яны аднавіліся ў апошнія дні.
“Падчас сямігадзіннай хвалі ўдараў амерыканскія знішчальнікі, беспілотнікі і ваенна-марскія судны выпусцілі высокадакладныя боепрыпасы па іранскіх ракетных і беспілотных базах, ваенна-марскіх сілах і сістэмах берагавой абароны, каб яшчэ больш аслабіць здольнасць Ірана пагражаць камерцыйнаму суднаходству і грамадзянскім экіпажам”, — гаворыцца ў заяве.
Адначасова была адноўлена блакада іранскіх партоў, пра якую было абвешчана напярэдадні.
У сваю чаргу Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі заявіў, што атакаваў амерыканскі лагістычны цэнтр у Кувейце. Як паведаміла Міністэрства абароны Кувейта, чацвёра вайскоўцаў кувейцкіх узброеных сіл атрымалі раненні ў выніку іранскай атакі на карабель ваенна-марскіх сіл Кувейта. Акрамя таго, іранскія атакі прывялі да ўзнікнення пажараў на шэрагу аб’ектаў у краіне.
КВІР таксама заявіў, што Армузскі праліў будзе закрыты, пакуль ЗША не спыняць атакі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сетцы Truth Social настойвае на тым, што судны праходзяць праз праліў.
“Нафта цячэ як ніколі раней, дзякуючы цудоўнай моцы ўзброеных сіл Злучаных Штатаў. Асаблівая падзяка міністру вайны Піту Хегсету, старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэну Кейну і камандуючаму Цэнтральным камандаваннем ЗША адміралу Брэду Куперу.
Дзякуючы ім і ўсім членам самых магутных узброеных сіл у свеце Армузскі праліў адкрыты для ЎСЯГО суднаходства, акрамя Ірана — і гэта з-за іх хлуслівага, жорсткага, зламыснага кіраўніцтва, якое вядзе іх шляхам ПОЎНАГА ЗНІШЧЭННЯ.
Таму мы ўвядзём ПОЎНУЮ блакаду, але толькі для суднаў, якія ідуць у іранскія парты і з іх, або перавозяць што-небудзь, звязанае з іранскімі грузамі.
Грунтуючыся на вельмі прадуктыўных перамовах з лідарамі Блізкага Усходу, я вырашыў замяніць 20% кампенсацыйнага збору ЗША гандлёвымі і інвестыцыйнымі пагадненнямі, якія розныя дзяржавы Персідскага заліва будуць заключаць са Злучанымі Штатамі. Гэтыя інвестыцыі будуць ВЕЛІЗАРНЫМІ, але ў той жа час надзвычай выгаднымі для іх і іх будучыні.
Як усім вядома, мы ўклалі ў Злучаныя Штаты найбуйнейшыя ў гісторыі доларавыя сродкі, але гэтыя новыя інвестыцыі яшчэ больш павялічаць гэтую лічбу, і мы ўбачым, як заводы, прадпрыемствы і абсталяванне будуць паступаць у ЗША ў рэкордных колькасцях, што створыць мільёны высокааплатных працоўных месцаў у Амерыцы!
Амерыка зноў перамагае, перамагае як ніколі раней. Дні, калі Іран забіваў сотні тысяч людзей, уключаючы 52 000 пратэстоўцаў, скончыліся, і, што найбольш важна, Іран ніколі не будзе мець ядзернай зброі! Дзякуй вам за ўвагу да гэтага пытання”, — пракаментаваў Трамп бягучую сітуацыю.
На фоне эскалацыі, якая працягваецца, кошт найбліжэйшага ф’ючарса на нафту маркі Brent падымаўся вышэй за 87 долараў за бараль. Сёння раніцай ф’ючарс таргуецца каля 85 долараў за бараль.