Аб’яднаны пераходны кабінет выступіў з заявай у сувязі з пагрозай ваеннай эскалацыі і заклікаў улады пачаць перамовы з дэмакратычнымі сіламі.
У заяве адзначаецца, што назіраецца значнае ўзмацненне пагроз бяспецы і незалежнасці Беларусі ў сувязі з працягам удзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
«Сёння для беларусаў вельмі важна знайсці шляхі дасягнення грамадзянскай згоды і эфектыўнай абароны нацыянальных інтарэсаў. Ад гэтага будуць залежаць як захаванне беларускай дзяржавы, так і яе ўстойлівае развіццё.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заклікае функцыянальныя ўлады краіны спыніць падтрымку расійскай агрэсіі, пачаць перамовы ў фармаце «Круглага стала» з прадстаўнікамі аб’яднаных дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці з мэтай недапушчэння ўцягвання Беларусі ва ўзброенае супрацьстаянне, спынення ўнутрыпалітычнага крызісу і крызісу бяспекі.
Незалежнасць Беларусі і няўдзел у вайне — гэта ключавыя элементы дасягнення нацыянальнага кансэнсусу і аснова для аднаўлення грамадзянскай згоды», — гаворыцца ў заяве.