Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі заявіў пра недапушчальнасць умяшання Расійскай Федэрацыі ва ўнутраныя справы краіны і расцаніў апошнія выказванні расійскіх афіцыйных асоб як пагрозу суверэнітэту краіны.
У распаўсюджанай заяве АПК даў палітычную ацэнку выступленням прэс-сакратара расійскага МЗС Марыі Захаравай і расійскай Службы знешняй разведкі.
“Публічныя выступленні прэс-бюро Службы знешняй разведкі Расіі ад 9 лютага і прадстаўніка МЗС РФ Марыі Захаравай ад 12 лютага 2026 года змяшчаюць непрыхаваныя пагрозы выкарыстаць «усе наяўныя сілы і сродкі», уключаючы ядзерны арсенал, для кантролю над унутрыпалітычнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь. Сцвярджэнні расійскага боку пра намер «не назіраць склаўшы рукі» за працэсамі ў нашай дзяржаве з’яўляюцца прамой пагрозай нацыянальнай бяспецы і сведчаць пра пераход Крамля да палітыкі адкрытага дыктату”, – лічаць аўтары.
Яны называюць падобныя заявы “грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы” Беларусі і “беспрэцэдэнтным сігналам пра поўнае непрызнанне Расіяй суверэннага права беларускага народа самастойна вызначаць сваю будучыню”.
“Прысвойваючы сабе права ацэньваць легітымнасць беларускіх палітычных суб’ектаў і эфектыўнасць «зачысткі» грамадзянскай супольнасці, Масква дэманструе, што разглядае Беларусь не як незалежную дзяржаву, а як уласны ваенны плацдарм і зону акупацыйнага ўплыву. Мы падкрэсліваем: менавіта імперская палітыка Расійскай Федэрацыі і яе імкненне замацаваць Беларусь у статусе бяспраўнага сателіта з’яўляюцца сёння галоўнай пагрозай суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны”, – гаворыцца ў заяве.
У АПК падкрэсліваюць, што да ўзмацнення залежнасці Мінска ад Крамля прывяла палітыка Аляксандра Лукашэнкі.
“Дзеля ўтрымання асабістай улады ён свядома і планамерна гандляваў дзяржаўным суверэнітэтам, дапусціў замежныя спецслужбы да кіравання пытаннямі ўнутранай бяспекі і зрабіў Беларусь закладніцай агрэсіўных планаў Крамля. Сённяшняя сітуацыя, калі лёс беларускіх выбараў і канстытуцыйнага ладу адкрыта абмяркоўваецца ў кабінетах расійскіх сілавых структур, з’яўляецца прамым вынікам здрады нацыянальных інтарэсаў з боку Лукашэнкі”, – заяўляюць аўтары.
Адзіным эфектыўным адказам на знешнюю агрэсію, на іх думку, можа быць унутранае адзінства і аднаўленне палітычнай суб’ектнасці беларускага грамадства.
“Мы зноў заклікаем прадстаўнікоў функцыянальных беларускіх улад, якія ўсведамляюць экзістэнцыйную пагрозу страты дзяржаўнасці, да пачатку канструктыўнага дыялогу ў фармаце Круглага стала. Выхад з глыбокага палітычнага крызісу, спыненне рэпрэсій і вяртанне да законнасці — гэта неабходныя крокі для стварэння адзінага нацыянальнага фронту па абароне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Будучыня нашай дзяржавы павінна вызначацца выключна грамадзянамі Беларусі ў межах дэмакратычных працэдур. Любыя спробы замежнага ўмяшання пад выглядам «гарантый бяспекі» фактычна з’яўляюцца актам агрэсіі, а асобы, якія спрыяюць гэтаму ўмяшанню, павінны панесці адказнасць”, – заяўляюць яны.
Нагадаем, напярэдадні Марыя Захарава заявіла, што заходнія краіны спрабуюць «адарваць» Беларусь ад Расіі, і падкрэсліла, што Масква не мае намеру «назіраць за гэтым склаўшы рукі». Гэтыя заявы прагучалі ў каментары да інфармацыі Службы знешняй разведкі Расіі пра нібыта наяўныя спробы заходніх дзяржаў дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, дамагчыся змены канстытуцыйнага ладу і аслабіць сувязі Мінска з Масквой.
Захарава заявіла, што дзяржаўны пераварот у Беларусі прывёў бы да ачага нестабільнасці на межах Расіі, і станоўча ацаніла «зачыстку» сярод НДА ў Беларусі.
